Дэфіцыт рахунку бягучых аперацый у першым паўгоддзі склаў больш за мільярд даляраў
За студзень-чэрвень 2020 года знешнеэканамічныя адносіны Беларусі з астатнім светам склаліся з дэфіцытам рахунку бягучых аперацый за 1,1 млрд даляраў ЗША (3,9% ВУП), гаворыцца ў каментары Нацбанка да плацежнага балансу.
За аналагічны перыяд мінулага года дэфіцыт бягучага рахунку складаў 0,8 млрд даляраў, або 2,7% ВУП.
Паводле звестак Нацбанка, рост дэфіцыту бягучага рахунку ў гэтым годзе звязаны з двума фактарамі.
„На фармаванне дэфіцыту рахунку бягучых аперацый мелі ўплыў адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі і адмоўнае сальда першасных даходаў”, — паведамляе Нацбанк.
Варта зазначыць, што дэфіцыт рахунку бягучых аперацый па выніках паўгоддзя прыкладна такі ж, як за ўвесь мінулы год (1,16 млрд даляраў ЗША). Пазалетась у плацежным балансе Беларусі назіраўся прафіцыт бягучага рахунку, які складаў 24,2 млн даляраў.
Плацежны баланс краіны адлюстроўвае суадносіны грашовых плацяжоў, якія паступаюць у краіну з-за мяжы, і ўсіх яе плацяжоў за мяжу. Кошт бягучых аперацый плацежнага балансу ўключае знешнеэканамічныя аперацыі з эканамічнымі каштоўнасцямі. Пад бягучымі аперацыямі разумеюцца аперацыі з таварамі, паслугамі і даходамі.
Дэфіцыт плацежнага балансу па бягучых аперацыях азначае, што краіне неабходна шукаць крыніцы для яго фінансавання — прыцягваць пазыкі, прадаваць актывы. Для Беларусі многія гады быў характэрны высокі дэфіцыт бягучага рахунку плацежнага балансу. У 2007—2014 гадах з-за росту цэн на энерганосьбіты, стымулявання ўнутранага попыту дэфіцыт бягучага рахунку плацежнага балансу перавышаў 5%, у асобныя гады — 10% ВУП.
З 2015 года, калі ўлады сталі абмяжоўваць грашовую прапанову і забяспечваць цэнавую стабільнасць, дэфіцыт бягучага рахунку стаў паступова змяншацца. У 2017 годзе дэфіцыт рахунку бягучых аперацый плацежнага балансу склаў 1,7% ВУП, па выніках 2018 года — прафіцыт у памеры 0,04% ВУП, у 2019 годзе — дэфіцыт у памеры 1,8% ВУП.
Міжнародны валютны фонд рэкамендуе Беларусі праводзіць эканамічную палітыку, пры якой памер дэфіцыту рахунку бягучых аперацый не будзе перавышаць 2% ВУП.
belapan.by