Дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту Беларусі павялічыўся амаль да 1 млрд рублёў
Дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту за студзень-травень 2021 года склаў 976,4 млн рублёў, вынікае са звестак Міністэрства фінансаў.
Па выніках студзеня—красавіка гэты паказчык складаў 748,9 млн рублёў. Такім чынам, за травень дэфіцыт павялічыўся на 227,5 млн рублёў.
Даходы рэспубліканскага бюджэту за пяць месяцаў склалі 10,8 млрд рублёў, або 45,7% удакладненага гадавога плана.
Паступленне ПДК склала 6,1 млрд рублёў, або 44,1%. Падатку на прыбытак паступіла 1,6 млрд рублёў, або 49,4%. Акцызы паступілі ў суме 1,4 млрд рублёў, або 43,3%. Даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці склалі 2,2 млрд рублёў, або 55,1%.
Па стане на 1 чэрвеня запазычанасць па падатках і зборах склала 180,5 млн рублёў.
Расходы рэспубліканскага бюджэту за пяць месяцаў склалі 11,8 млрд рублёў, або 39,8% удакладненага гадавога плана.
На агульнадзяржаўную дзейнасць накіравана 5,4 млрд рублёў (40,2%), на фінансаванне нацыянальнай эканомікі — 2,5 млрд рублёў (39,3%), на фінансаванне сацыяльнай сферы (сацыяльная палітыка, адукацыя, ахова здароўя, фізічная культура, спорт, культура і сродкі масавай інфармацыі) — 8,2 млрд рублёў (41,8%).
Паступленні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва склалі 7,9 млрд рублёў, або 41,5% зацверджанага гадавога плана, расходы фонду — 7,8 млрд рублёў, або 41,6%. Такім чынам, бюджэт ФСАН выкананы з прафіцытам 0,1 млрд рублёў.
Варта адзначыць, што першапачаткова рэспубліканскі бюджэт на 2021 год быў сфармаваны з дэфіцытам 4 млрд рублёў, аднак у першыя месяцы года Мінфін удакладніў яго памер у бок павелічэння. Цяпер сума прагназаванага перавышэння расходаў над даходамі ацэньваецца ў 6 млрд рублёў.
Намеснік міністра фінансаў Вольга Тарасевіч, выступаючы ў сакавіку на пасяджэнні круглага стала „Пазыковы рынак Рэспублікі Беларусь”, арганізаванага расійскім агенцтвам Cbonds, адзначала, што рост планаванага дэфіцыту бюджэту ў 2021 годзе адбыўся „з улікам прынятых мер дзяржавы па падтрымцы прадпрыемстваў у перыяд пандэміі”. Дэфіцыт бюджэту плануецца прафінансаваць за кошт рэшткаў сродкаў бюджэту і новых дзяржаўных запазычванняў.