Дэкрэт № 3 замарозяць, і фактычна працаваць ён не будзе, лічаць эксперты
У найбліжэйшы час улады будуць шукаць замену нормам дэкрэта прэзідэнта № 3, а сам дакумент будзе заставацца ў замарожаным стане і рэальна працаваць не будзе. Такое меркаванне выказалі БелаПАН эксперты, каментуючы зробленыя 21 красавіка Аляксандрам Лукашэнкам заявы, якія тычацца барацьбы з дармаедамі.
„Узяць і адмяніць дэкрэт улады не захочуць, таму што гэта раўнацэнна прызнанню ўласнай памылкі. З іншага боку, кіраўніцтва краіны будзе шукаць рашэнне, каб згладзіць негатыўныя наступствы ўвядзення дэкрэта, аднак, як гэта зрабіць, улады пакуль не ведаюць”, — адзначыў эканаміст Антон Болтачка.
У сувязі з гэтым эксперт выказаў меркаванне, што дэкрэт № 3 пакуль рэальна працаваць не будзе. „Дакумент будзе знаходзіцца ў замарожаным стане да таго часу, пакуль яму не знойдуць замену”, — лічыць Болтачка.
Намеснік старшыні Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Георгій Грыц сумняваецца ў тым, што барацьбу з т.зв. дармаедамі наогул трэба весці.
„Па Канстытуцыі чалавек можа працаваць, а можа не працаваць. Калі чалавек не з’яўляецца сацыяльна небяспечным для грамадства, навошта яго наогул чапаць? А калі чалавек зарабіў грошай, а потым вырашыў не працаваць? Спачатку трэба дакладна вызначыцца з паняццем, каго мы адносім да дармаедаў, а потым думаць, ці варта гэтым пытаннем наогул займацца”, — мяркуе Грыц.
Ён лічыць, што выдаткі на барацьбу з т.зв. дармаедствам могуць аказацца несувымерна вышэйшымі, чым гіпатэтычны эфект. „Можа атрымацца так, што выдаткі будуць вышэйшымі, чым паступленні ў бюджэт”, — сказаў эксперт.
На яго думку, паняцце „дармаед” дакладна не адлюстроўвае тую частку грамадства, у дачыненні да якой дзяржаве неабходна прымаць меры.
„Трэба вызначыцца, „дармаеды” — гэта прадстаўнікі ценявой эканомікі ці людзі, якія не працуюць, таму што ў іх дастаткова сродкаў, або гэта асобы, якія проста не хочуць наогул нешта рабіць. Універсальнага інструмента, як усіх гэтых людзей матываваць працаваць, сусветная практыка не вынайшла”, — падкрэсліў Грыц.
Аляксандр Лукашэнка 21 красавіка падчас штогадовага паслання беларускаму народу і парламенту раскрытыкаваў рэалізацыю дэкрэта № 3 і заявіў, што ўвядзенне збору на фiнансаванне дзяржрасходаў не прынесла чаканага эфекту.
„Як будзем дзейнічаць? Ізноў прапісаць, як мне прапанавалі: не працуеш — павінен нейкую суму ўнесці? Але ж вы разумееце, што 10 тыс. чалавек унясуць гэтыя грошы, а астатнія ні капейкі не ўнясуць… Ім прасцей выйсці на вуліцы, на плошчы і крычаць гвалтам”, — падкрэсліў Лукашэнка.
Ён заявіў, што патрэбна новая канцэпцыя дэкрэта, і даручыў ураду і дэпутатам унесці адпаведныя прапановы.
belapan.by