Дэкрэт „Аб развіцці лічбавай эканомікі” гатовы да падпісання



Чакаецца, што дэкрэт „Аб развіцці лічбавай эканомікі” будзе падпісаны да канца года, паведаміў БелаПАН IT-прадпрымальнік Віктар Пракапеня, які 11 снежня прысутнічаў на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі па гэтай тэме.

„Кіраўнік краіны паабяцаў, што да канца года будзе падпісаны дэкрэт у самай ліберальнай рэдакцыі”, — сказаў Пракапеня. Паводле яго слоў, праект дакумента падтрымлівае прадуктовую мадэль развіцця IT-галіны, а таксама ўсе спосабы прымянення блокчэйна. „Калі гэта будзе сапраўды прынятае, то Беларусь стане першай у свеце краінай, якая рэгулюе ўсе спосабы прымянення блокчэйна: смарт-кантракты, крыптавалюты і іншыя аспекты гэтай тэхналогіі”, — падкрэсліў прадпрымальнік.

Акрамя таго, паводле яго слоў, праект дэкрэта прадугледжвае выкарыстанне англійскага права ў IT-сферы. „Гэты праект дэкрэта падтрымлівае цалкам выкарыстанне інстытутаў англійскага правы і любога іншага права для любых узаемаадносін, у тым ліку для структуравання адносін паміж акцыянерамі айцішнай кампаніі. Сама па сабе гэта якасная ідэя, якая можа станоўча адбіцца на прыцягненні венчурных фондаў з іншых юрысдыкцый”, — адзначыў Пракапеня.

Ён таксама сказаў, што на нарадзе ў Лукашэнкі прысутнічаў прадстаўнік буйнога ізраільскага фонду, які выказаў падтрымку дэкрэту „Аб развіцці лічбавай эканомікі” як адпаведнага сусветнай практыцы. „Рынкі іншых краін з пункта гледжання венчурных грошай істотна перагрэтыя, таму інвестары па ўсім свеце шукаюць новыя геаграфіі. Будзе класна, калі Беларусь стане такой геаграфіяй у сувязі з тым, што будзе прыняты гэты новы праект дэкрэта”, — сказаў прадпрымальнік.

На нарадзе Лукашэнка таксама падтрымаў прапанову істотна палепшыць якасць выкладання англійскай мовы ў школе, каб кожнае дзіця пасля школы было здольнае свабодна гаварыць на ёй.

У цэлым Пракапеня назваў дэкрэт аб развіцці лічбавай эканомікі „класным крокам на шляху да стварэння IT-краіны”.

Паводле звестак прэс-службы прэзідэнта, на сённяшняй нарадзе з удзелам чыноўнікаў і прадстаўнікоў IT-супольнасці Лукашэнка заявіў: „Айчыннай IT-сферы неабходна надаць новы імпульс развіцця, каб здольныя людзі маглі тут у поўнай ступені рэалізаваць свае магчымасці”.

„Беларусь павінна апынуцца рэальным цэнтрам прыцягнення — для таленавітых людзей, паспяховых кампаній і міжнародных карпарацый. Наша краіна мае ўсе шанцы стаць як мінімум рэгіянальным лідарам у развіцці самых перадавых напрамкаў — штучнага інтэлекту, вялікіх даных, тэхналогіі блокчэйн”, — сказаў кіраўнік дзяржавы, заклікаўшы пры гэтым не забываць пра інтарэсы дзяржавы.

belapan.by