Дэлегацыя „Белнафтахіма” наведае Казахстан для перамоваў аб пастаўках нафты
Дэлегацыя канцэрна „Белнафтахім” на наступным тыдні наведае Казахстан для правядзення прадметных перагавораў па пастаўках нафты. Такая дамоўленасць дасягнута ў час сустрэчы прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Румаса з прэм’ер-міністрам Казахстана Аскарам Маміным у Алматы.
Сяргей Румас праінфармаваў свайго калегу, што беларускі ўрад надзелены паўнамоцтвамі на падпісанне адпаведнага міжурадавага дагавора.
Як паведамлялася, напярэдадні Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, якім упаўнаважыў урад на правядзенне перагавораў з Казахстанам аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве ў галіне паставак нафты і нафтапрадуктаў у Беларусь, а таксама па праекце пагаднення і яго падпісанне пры дасягненні дамоўленасці ў межах адобранага праекта. Раней Аляксандр Лукашэнка не раз згадваў Казахстан у ліку краін, адкуль ёсць патэнцыяльная магчымасць для арганізацыі паставак нафты ў Беларусь. Гэта пытанне ў тым ліку абмяркоўвалася ў кастрычніку мінулага года ў час афіцыйнага візіту кіраўніка беларускай дзяржавы ў Казахстан.
Сяргей Румас прыбыў з рабочым візітам у Казахстан для ўдзелу ў пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета, а таксама ў пленарнай сесіі форуму „Лічбавая будучыня глабальнай эканомікі”. Беларусь з 1 студзеня старшынствуе ў органах Еўразійскага эканамічнага саюза.