Курс даляра перавысіў 21.500 рублёў, еўра амаль дасягнуў 24.000



На таргах Беларускай валютна-фондавай біржы 21 студзеня беларускі рубель прадэманстраваў найбольшае падзенне з пачатку года: курс даляра ЗША перавысіў 21.500 рублёў, еўра – амаль дасягнуў 24.000.

Даляр

Сённяшнія таргі пачаліся з рэзкага росту курсаў валют. Паводле звестак біржы, курс даляра ЗША вырас на 1.103 рубля (5,39%) да 21.564 рублёў. Курс еўра вырас на 1.388 рублёў (6,20%) да 23.779 рублёў. Расейскі рубель умацаваўся да беларускага на 3,27 рубля (1,27%) да 260,24 рубля.

Нагадаем, пры падрыхтоўцы рэспубліканскага бюджэту на 2016 год быў закладзены сярэднегадавы курс даляра 18.700 рублёў.

Пры курсаўтварэнні Нацбанк выкарыстоўвае механізм прывязкі курса рубля да кошыка валют, у якім удзельная вага расейскага рубля складае 40%, а долі даляра ЗША і еўра – 30% кожная. Фінансавыя аналітыкі адзначаюць, што беларускі рубель падае ўслед за расейскім. У сваю чаргу зніжэнне курсу расейскага рубля адбываецца з-за памяншэння цэн на нафту.

Акрамя гэтага, у Беларусі павышаны попыт на валюту абумоўлены агульнай эканамічнай нестабільнасцю і нервовасцю, якая адчуваецца на валютным рынку. Пры гэтым Нацбанк, па ўсёй бачнасці, імкнецца не задзейнічаць золатавалютныя рэзервы на падтрыманне курсу – аб’ём ЗВР Беларусі па выніках снежня упаў амаль да пяцігадовага мінімуму. Меншым іх аб’ём быў толькі на парозе дэвальвацыі 2011 года.

Падобную сітуацыю не прадугледжваў нават песімістычны сцэнар сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016 год. Цяперашні прагноз распрацоўваўся ў 2015 годзе з улікам эканамічных чаканняў расейскіх уладаў, якія не прагназавалі такога рэзкага падзення цэн на нафту.

На маскоўскай біржы курс расейскай валюты 21 студзень працягнуў зніжэнне – сярэдняўзважаны курс даляра да расейскага рубля разлікамі „заўтра”, па якім усталёўваецца афіцыйны курс Цэнтрабанка, да 11.30 чацвярга вырас на 4,13 рубля, склаўшы 83,5913 рубля. Курс еўра пры гэтым перавысіў 91 рубель.

belapan.by