Для Беларусі важна збіць кошт расейскай нафты
Ад 1 студзеня Расея спыніла пастаўку нафты для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў, паведамляе расейскае выданне РІА «Навіны» са спасылкай на ўласную крыніцу ў нафтавай галіне Беларусі. Таксама пра адсутнасць расейскіх паставак нафты са спасылкай на беларускі бок піша «Інтэрфакс».
Калі аб’ёмы паставак былі ўзгодненыя напрыканцы 2019 года, то ўмовы бакам яшчэ трэба ўзгадніць, кажа эканамічны аглядальнік газеты «Беларусы і рынак» Таццяна Манёнак:
– Пры сусветным кошце на нафту 60 даляраў за барэль кошт нафты для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў у гэтым годзе падвысіцца на 17.7 адсоткаў за тону нафты. Кошт падвышаецца, відавочна, магчымасці кампенсаваць вось гэтыя страты з падаткаманеўраў беларускага бюджэту, можна сказаць, няма, таму для Беларусі вельмі важна зараз збіць кошт расейскай нафты.
Як інфармуюць крыніцы інфмармацыйных агенцтваў на нафтаперапрацоўчых заводах Беларусі, кантракты на пастаўку нафты па-ранейшаму не заключаныя, пастаўкі адсутнічаюць з 1 студзеня. Перамовы аб цэнах на расейскую нафту для Беларусі ў 2019 годзе скончыліся дамовай на пастаўкі без заключэння кантрактаў. Адначасова з тым Аляксандр Лукашэнка даручыў завозіць нафту з партоў Балтыі і задзейнічаць альтэрнатыўныя пастаўкі па магістральным нафтаправодзе «Дружба».
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя