Для беларускіх прадпрымальнікаў уводзяць істотныя змены
Прадстаўлены ўрадам законапраект аб прадпрымальніцтве адпраўлены на дапрацоўку.
У дакуменце, на думку Аляксандра Лукашэнкі, павінны быць больш дакладна вызначаны віды дзейнасці, якімі могуць займацца рамеснікі, індывідуальныя прадпрымальнікі і юрыдычныя асобы.
З 2023 года для індывідуальных прадпрымальнікаў адменяць магчымасць працаваць па спрошчанай падатковай сістэме (УНС). У ІП будзе некалькі варыянтаў, як прадоўжыць дзейнасць з наступнага года. Калі прадпрымальнік працуе без наёмных работнікаў, то ён зможа перайсці на падатак на прафесійны даход, які якраз увядуць з наступнага года. Чыноўнікі павінны яшчэ ўдакладніць, якія віды дзейнасці не будуць падпадаць пад такі падатак. Пры рабоце з фізічнымі асобамі гэты збор складзе 10 працэнтаў.
Другі варыянт – перайсці на адзіную форму выплаты падаходнага падатку па павышанай стаўцы 18%. Пры гэтым фармаце можна ўзяць на працу да трох чалавек.
Тым часам чыноўнікі абмяркоўваюць магчымасць павялічыць стаўкі адзінага падатку, а ў якасці асноўнага падатковага рэжыму выкарыстоўваць падаходны падатак з павелічэннем яго стаўкі з 16 да 20%, а з 2024 года – да 25%. Іншымі словамі, падатковая нагрузка на прадпрымальнікаў можа павялічыцца яшчэ болей. А улічваючы падзенне эканомікі, іх фінансавы стан наўрад ці будзе паляпшацца.
Беларускае Радыё Рацыя