Для «дармаедаў», якія надоўга з’ехалі за мяжу, жыроўка пацяжэе ў сярэднім на 50 рублёў
Як паведамлялася, урад прыняў рашэнне аб павелічэнні аплаты камунальных паслуг для не занятых у эканоміцы працаздольных уладальнікаў кватэр, якія з 1 сакавіка зʼехалі больш як на 30 дзён за мяжу.
Для таго, каб такіх грамадзян выявіць, Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва будзе кожны месяц складаць спісы звольненых, але не прынятых на працу беларусаў і перадаваць гэтыя спісы ў Дзяржаўны памежны камітэт. У сваю чаргу памежнікі будуць правяраць, хто са спісу грамадзян выехаў за мяжу і знаходзіцца там больш за 30 дзён.
Выключэнні будуць зроблены для тых, хто выязджае за мяжу на лячэнне пры прадстаўленні ўсіх неабходных даведак і дакументаў, для работнікаў дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульстваў, для афіцыйна працаўладкаваных на тэрыторыі ЕАЭС. Як паведамілі Myfin.by у Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі, аплата паслуг ЖКГ для стандартнай двухпакаёвай кватэры плошчай 48 кв. метраў з трыма прыжываючымі павялічыцца на 50 рублёў.