Для падстрахоўкі БелАЭС пачалі будаваць пікава-рэзервовыя крыніцы



На цеплаэлектрацэнтралі № 5 (ЦЭЦ-5), размешчанай у раёне пасёлка Дружны (Пухавіцкі раён Менскай вобласці), пачалі выкананне праекта па стварэнні пікава-рэзервовых крыніц на базе газатурбінных установак Siemens SGT-800, паведамляе прэс-служба дзяржаўнага вытворчага аб’яднання „Белэнерга”.

Адзначаецца, што будаўніцтва пікава-рэзервовых магутнасцяў ажыццяўляецца ў межах праекта па інтэграцыі Беларускай АЭС у аб’яднаную энергасістэму краіны.

На ЦЭЦ-5 размесцяць шэсць газатурбінных установак сумарнай магутнасцю 300 мегават. Пачатае будаўніцтва першай чаргі пікава-рэзервовых крыніц.

„Пікава-рэзервовыя энергакрыніцы служаць для згладжвання пікаў спажывання электраэнергіі і хуткага запуску ў выпадку аварыйнага адключэння [іншых] энергакрыніц для бесперабойнага забеспячэння спажыўцоў электраэнергіяй, — падкрэслілі ў „Белэнерга”. — Рэзервовыя крыніцы выкананыя на базе хуткадзейных газатурбінных установак, якія могуць выдаць намінальную магутнасць у сетку праз 15 хвілін пасля халоднага старту”.

У чэрвені гэтага года генеральны дырэктар „Белэнерга” Павел Дрозд заявіў, што да канца 2021 года ў Беларусі плануецца стварыць пікава-рэзервовыя энергакрыніцы сумарнай магутнасцю 800 МВт. Акрамя ЦЭЦ-5 іх размесцяць на Бярозаўскай ГРЭС (250 МВт), Лукомльскай ГРЭС (150 МВт) і Наваполацкай ЦЭЦ (100 МВт).

Беларуская АЭС будуецца блізу Астраўца (Гродзенская вобласць), недалёка ад мяжы з Літвой, за кошт крэдыту Расеі паводле расейскага праекта ВВЭР-1200. Генеральным праекціроўшчыкам і генпадрадчыкам збудавання станцыі выступае кампанія „АСЭ”, якая ўваходзіць у структуру дзяржкарпарацыі „Расатам”.

Першы блок АЭС уключылі ў энергасістэму краіны 3 лістапада, ён пачаў выпрацоўваць электрычнасць. За першыя тры дні працы на блоку вырабілі 22 млн кілават-гадзін электраэнергіі. 7 лістапада магутнасць першага энергаблока была павышаная да 400 МВт.

9 лістапада ў беларускіх тэлеграм-каналах з’явілася паведамленне, што напярэдадні турбіна першага энергаблока БелАЭС была спыненая з-за выхаду з ладу трансфарматараў напружання на адным з агрэгатаў. У той жа дзень літоўскі аператар сістэмы перадачы электраэнергіі Litgrid заявіў, што з поўдня 8 лістапада электраэнергія на БелАЭС не выпрацоўваецца. Увечары 9 лістапада прэс-служба Мінэнерга паведаміла, што падчас выпрабаванняў на першым блоку „выяўленая неабходнасць замены асобнага электратэхнічнага вымяральнага абсталявання”.

10 лістапада кансультант дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС (Дзяржатамнагляд) Алег Собалеў сказаў БелаПАН, што сітуацыя на станцыі не ўяўляе небяспекі. У другой палове таго ж дня Мінэнерга афіцыйна пацвердзіла часовае прыпыненне пастаўкі электрычнай энергіі з БелАЭС у аб’яднаную энергасістэму краіны. У Міністэрстве падкрэслілі, што гэта „прадугледжанае праграмай этапу „Энергетычны пуск”.

19 лістапада Мінэнерга праінфармавала аб паўторным уключэнні блока ў сетку „пасля правядзення работ па замене трансфарматараў напружання ў вымяральных ланцугах генератарнага выключальніка, а таксама выпрабаванняў цеплаэнергетычнага абсталявання, неабходных вымярэнняў і даследаванняў”.

БелаПАН