Для завяршэння мадэрнізацыі НПЗ да 7 лістапада не хапае будаўнікоў
Асноўная праблема, якая ўплывае на тэрміны завяршэння мадэрнізацыі беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў, — недахоп спецыялістаў будаўнічых падрадных арганізацый, паведамляе канцэрн „Белнафтахім”.
На мінулым тыдні, гаворыцца ў паведамленні, адбыліся выязныя нарады з удзелам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Качанавай, віцэ-прэм’ера Ігара Ляшэнкі, міністра архітэктуры і будаўніцтва Дзмітрыя Мікулёнка і кіраўніцтва „Белнафтахіма”, прысвечаныя мадэрнізацыі НПЗ. У прыватнасці разглядаліся „магчымасці для паскарэння рэалізацыі інвестыцыйных праектаў”.
„Падчас нарад у якасці асноўнай праблемы, якая карэнным чынам уплывае на тэрміны мадэрнізацыі, адзначалася недастатковая колькасць спецыялістаў будаўнічых падрадных арганізацый на аб’ектах, асабліва — кваліфікаваных зваршчыкаў”, — паведамляе „Белнафтахім”.
Перад Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва „пастаўленая задача ў самы кароткі тэрмін забяспечыць будоўлю неабходнай колькасцю кваліфікаваных будаўнікоў і паскорыць будаўніча-мантажныя работы на найважнейшых аб’ектах НПЗ”.
Восенню 2018 года „Белнафтахім” ужо выказваў занепакоенасць з нагоды тэрмінаў мадэрнізацыі нафтаперапрацоўчых заводаў. Тады адбылася сустрэча кіраўніцтва канцэрна і Мінбудархітэктуры, падчас якой разглядалася магчымасць прыцягнення дадатковых рабочых (у тым ліку замежных) для паскарэння рэалізацыі інвестыцыйных праектаў.
Пры гэтым у лістападаўскім паведамленні канцэрн адзначыў, што на беларускіх НПЗ „згодна з даручэннем кіраўніка дзяржавы будаўніча-мантажныя работы павінны быць завершаныя да 7 лістапада 2019 года”.
На нарадзе па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця 10 студзеня Аляксандр Лукашэнка анансаваў завяршэнне мадэрнізацыі НПЗ сёлета, „пасля чаго Беларусь зможа купляць нафту для наступнай перапрацоўкі не толькі ў Расеі”.
Як паведамлялася, на беларускіх НПЗ у актыўнай стадыі знаходзіцца рэалізацыя двух буйных інвестыцыйных праектаў — будаўніцтва комплексу запаволенага каксавання ў ААТ „Нафтан” і комплексу гідракрэкінгу цяжкіх нафтавых астаткаў у ААТ „Мазырскі НПЗ”. Кошт мадэрнізацыі складае прыкладна 2,5 млрд долараў. Беларускія ўлады разлічваюць, што ў выніку мадэрнізацыі на НПЗ павысіцца глыбіня перапрацоўкі нафты, што дазволіць заводам эфектыўна перапрацоўваць не толькі расійскую вуглевадародную сыравіну, але і з іншых краін.