Добраахвотна-прымусовы збор подпісаў супраць санкцый ЕЗ



“Санкцыі – гэта вайна”, – заявіў кіраўнік праўладнай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда ў эфіры праграмы “Контуры” на тэлеканале АНТ. Прыгадаем, што па краіне ідзе збор подпісаў пад лістом у Міжнародную арганізацыю працы супраць санкцый у дачыненні да Беларусі. 

У лісце праўладных прафсаюзаў Еўразвяз абвінавачваюць у эканамічным шантажы і парушэнні міжнароднага права. Маўляў, санкцыі супраць Беларусі ўведзены неабгрунтавана, яны закранаюць інтарэсы дзясяткаў тысяч людзей, найперш рабочых, якія застануцца без працы, без заробкаў, без пенсій і ўсяго іншага, а дзяржава страціць частку бюджэту. Міхаіл Орда пахваліўся, што пад лістом падпісаліся ўжо 1 мільён 130 тысяч чалавек, і падкрэсліў, што за кожным подпісам – чалавек ды яго меркаванне, што подпісы людзі ставілі свабодна і добраахвотна.

Пачнём з таго, што сам стыль гэтага адкрытага ліста нагадвае ўлёткі і звароты часоў панавання камуністычнай партыі, ён цалкам “савецкі”: ёсць працоўныя і ёсць замежныя ворагі. Я не выключаю, што частка падпісантаў шчыра паставіла пад ім свае подпісы, але, думаю, далёка не большасць. Усё больш людзей пішуць у СМІ, і ўсё часцей можна пачуць ад работнікаў розных дзяржаўных устаноў, у тым ліку педагогаў і медыкаў, як іх кіраўнікі ходзяць з гэтым лістом і добраахвотна-прымусова кажуць паставіць подпіс. Некаторым заяўляюць адкрытым тэкстам: або подпіс, або пазбаўленне прэміі ці нават скасаванне кантракту. Урэшце, мы ўсе добра ведаем, як у нас дзяржава збірае подпісы і лічыць галасы. Вельмі паказальным ёсць прыклад прадпрыемства “Гродна Азот”, дзе новы дырэктар Ігар Ляшэнка прымушаў работнікаў падпісаць ліст супраць санкцый. На youtube можна знайсці запіс, які зрабіў адзін з работнікаў. Дык вось Ляшэнка цытаваў Біблію, прыгадаў пра Хрыста, які, паводле яго, хлеб і кашу манную дзяліў толькі з тымі, хто быў з ім, а не раздаваў чужым войскам. Маўляў ён, дырэктар, зробіць таксама, бо на прадпрыемстве ёсць лішнія людзі. “Я хлеб дам толькі веруючым, з чыстай душой”, – заявіў Ляшэнка. Трэба разумець, веруючым не ў Хрыста, а ў Лукашэнку. Пазней ён увогуле прыгадаў блакадны Ленінград, дзе кармілі толькі сваіх, а немцам нічога не давалі, звярнуўся да хрысціянскага вучэння і прапанаваў тым, хто супраць міру і парадку ў краіне, пакінуць прадпрыемства. Шчыра не ведаю, якімі хрысціянскімі каштоўнасцямі кіруецца Ігар Ляшэнка і якіх немцаў ён не збіраецца карміць, але пачытаўшы змест яго выступу, які смела можна назваць “клінічным выпадкам”, хацелася б спытаць: ілгаць, збіваць людзей, чыніць гвалт, фальсіфікаваць выбары – гэта паводле якога хрысціянскага вучэння? Я асабіста з Ігарам Ляшэнкам ні хлебу, ні “кашы маннай” не падзяліла б. А з гісторыі з адкрытым лістом можна зрабіць яшчэ дзве высновы: санкцыі – сапраўды баляць, а многія беларусы надалей гатовы цярпець і падпісваць розныя паперчыны, каб чаго не выйшла.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: eurasia.expert