Доля IT-сектара ў эканоміцы Беларусі знізілася да 4,7%



Доля IT-сектара ў ВУП Беларусі за 2022 год знізілася да 4,7% з 5,7% годам раней, паведамляе Office Life са спасылкай на зборнік Белстату «Інфармацыйнае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».

Раней Еўразійскі банк развіцця адзначаў, што стрымліваючы ўплыў на рост эканомікі Беларусі працягвае аказваць слабая дынаміка ў будаўніцтве, транспарце і IT-сектары.

За мінулы год чысты адток спецыялістаў з кампаній сектару «Інфармацыя і сувязь» у Беларусі склаў каля 17 тысяч чалавек.

На думку аналітыкаў, «ІТ-галіна цяпер у ліку найбольш пацярпелых ад наступстваў 2020 году і ўзмацнення санкцыйнага ціску 2022 году».

З 2020 году з Беларусі пачаўся масавы адток спецыялістаў ІТ-галіны. Шмат кампаній цалкам згарнулі свой бізнес у краіне і пераехалі за мяжу. Хваляў ІТ-эміграцыі было дзве: пасля жніўня 2020 году і пасля пачатку вайны ва Украіне ў лютым 2022-га.

За мінулы год з IT-кампаній звольнілася больш за 29,5 тысячы спецыялістаў — гэта на 74% больш, чым у 2021 годзе. Пра масавую рэлакацыю супрацоўнікаў гавораць крыніцы ў буйных беларускіх ІТ-офісах: Wargaming (у сувязі з поўным закрыццём кампаніі ў Беларусі), EPAM, Exadel, iTechArt, Itransition, Playtika ды іншых. Пра адток спецыялістаў з ІТ-сектару Беларусі сведчыць статыстыка найманняў і звальненняў.

З пачатку 2023 году ІТ-сектар Беларусі страчвае менш за 1000 чалавек у месяц, але сумарна за першы квартал адток спэцыялістаў выявіўся ў 5-6 разоў вышэйшы, чым за такі ж перыяд мінулага году, сведчаць ацэнкі Devby.io.