Доля МАЗа на расейскім рынку грузавікоў знізілася



Попыт на аўтамабілі МАЗ у жніўні на расейскім рынку павялічыўся больш чым на 60% год да года: у жніўні беларускі вытворца грузавых машын прадаў у Расеі 587 аўтамабіляў, піша Office life са спасылкай на расейскую аналітычную кампанію “Аўтасельгасмаш-холдынг”. Але пры гэтым доля МАЗа на рынку знізілася, бо ў канкурэнтаў продажы выраслі яшчэ больш.

Цяпер МАЗ займае сёмае месца ў топе продажаў грузавікоў у Расеі, саступаючы КамАЗу (ён у лідарах з амаль трыма тысячамі прададзеных у жніўні грузавікоў), а таксама саступаючы кітайскім вытворцам Sitrak, Shacman, FAW і Foton, а таксама расейскаму ГАЗу. Агулам продажы ў Расеі грузавых аўтамабіляў замежных марак у жніўні павялічыліся на 263,7% — у асноўным за кошт грузавікоў кітайскіх марак.

Гродна Азот” прадае падсанкцыйную прадукцыю ў Еўразвяз

Чарговае беларускае дзяржаўнае прадпрыемства, якое знаходзіцца пад санкцыямі, знайшло спосаб прадаваць сваю прадукцыю ў Еўразвяз. У Чэхію і Польшчу дастаўляюць карбамід, выраблены хімічным шляхам на прадпрыемстве “Гродна Азот”, пра гэта піша Радыё Свабода са спасылкай на чэшскі цэнтр расследавальніцкай журналістыкі. Цэнтр адзначыў, што Дзяржаўная мытная служба Чэхіі парушэння санкцый не фіксуе.

“Гродна Азот” з’яўляецца адзіным вытворцам карбаміду ў Беларусі. Еўразвяз разам з Канадай, ЗША, Вялікабрытаніяй, а потым і Швейцарыяй увялі санкцыі ў дачыненні прадпрыемства яшчэ ў 2021 годзе. Раней пра тое, што гарадзенскае прадпрыемства абыходзіць санкцыі заявіў літоўскі бізнесмен Салюс Коцюс.

З 16 верасня на мяжы запрацуе платная дэзінфекцыя ўсяго транспарту

З 1 верасня ва ўсіх пунктах пропуску на мяжы Беларусі з Літвой, Латвіяй і Польшчай запрацавалі станцыі дэзінфекцыі. З 16 верасня паслуга стане платнай. Дэзінфекцыю абавязкова павінны прайсці ўсе транспартныя сродкі, якія ўязджаюць у краіну: ад легкавушак да фур.

Кіроўца заязджае ў пункт пропуску, у касе банка ці ў страхавы аплачвае новую паслугу. Атрымлівае электронны білет з QR-кодам, пры праверцы паказвае яго пагранічніку. Далей выязджае з пункта пропуску і едзе на станцыю дэзінфекцыі. Кошт: 2 рублі за апрацоўку легкавушкі, 30 рублёў – аўтобуса, 95 рублёў – грузавіка.

Абяцаюць, што хутка будзе магчымасць аплаціць праз АРІП і картай праз тэрмінал самаабслугоўвання.

Міністр, асуджаны за хабар, верагодна, выйшаў датэрмінова

Тэлеканал “Белсат” паведамляе, што экс-міністр лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа, верагодна, выйшаў на волю, адсядзеўшы толькі пятую частку прысуджанага яму вялікага тэрміну. Як расказала крыніца “Белсата”, у калонію, дзе адбываў пакаранне чыноўнік, нядаўна прыязджала камісія для памілавання, пасля чаго экс-міністра адпусцілі на спатканне, з якога ён не вярнуўся. Пад выглядам жонкі былога сукамерніка журналістка “Белсата” патэлефанавала сыну Віталя Дрожжы. Той не пацвердзіў і не абверг факту вызвалення, а сказаў толькі, што бацька не можа зараз сустрэцца.

Пра затрыманне Віталя Дрожжы стала вядома летась у красавіку. Сёлета ў студзені яму прысудзілі 7,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму за атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры, але скарацілі тэрмін на год паводле амністыі. Стала вядома, што ў Беларусі сістэматычна высякалі больш лесу, чым было дазволена.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: autoreview.ru.