Доўг Беларусі „Газпраму” за студзень–красавік перавысіў $125 мільёнаў



Доўг Беларусі „Газпраму” за студзень—красавік перавысіў 125 млн. даляраў, паведаміў журналістам міністр энергетыкі Расеі Аляксандр Новак 12 мая ў Магілёве, дзе праходзіць пасяджэнне Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы.

Пры гэтым ён адзначыў, што расейскі бок не мае намеру падымаць гэта пытанне на сённяшнім пасяджэнні. „Я не магу сказаць за беларускі бок, у нас няма гэтага пытання (у парадку дня)”, — цытуе Новака РИА Новости.

У сваю чаргу міністр энергетыкі Беларусі Уладзімір Патупчык заявіў, што Менск не прызнае наяўнасці доўгу перад „Газпрамам” за пастаўлены газ. Паводле яго слоў, бакі па-рознаму трактуюць міжурадавыя дамоўленасці. „Расея лічыць, што ёсць цана „Ямала”, а мы лічым, што з 1 студзеня 2015 года павінны дзейнічаць рыначныя роўнадаходныя цэны”, — растлумачыў Патупчык.

Перамовы на гэту тэму вядуцца са студзеня. Прадстаўнікі Расеі неаднаразова заяўлялі пра немэтазгоднасць зніжаць цану на газ для Беларусі. Беларускі бок лічыць, што мае права разлічваць на зніжэнне цаны да 80 даляраў за тысячу кубаметраў замест цяперашніх 142.

У красавіку дзяржсакратар СД Рыгор Рапота заявіў, што Саюзная дзяржава гатова пры неабходнасці ўмяшацца ў сітуацыю. „Мы гатовыя правесці аналіз. Гатовыя паглядзець на гэта разам з федэральнымі органамі ўлады, але пакуль ідзе тое, што мы называем „торг”, — сказаў ён. Пры гэтым Рапота нагадаў, што дамова паміж „Газпрамам” і Беларуссю прадугледжвае роўныя ўмовы для суб’ектаў гаспадарання.

У пачатку мая стала вядома, што беларускае даччынае прадпрыемства „Газпрама” — ААТ „Газпрам трансгаз Беларусь” — падало ў міжнародны арбітражны суд пры Беларускай гандлёва-прамысловай палаце іск на беларускія газазабеспячальныя арганізацыі ў сувязі з наяўнасцю ў іх запазычанасці па аплаце пастаўленага прыроднага газу.

Паводле БелаПАН

Фота novostimira.net