Доўг Беларусі па звязаных з Расеяй крэдытах перавышае 10 млрд долараў



Доўг Беларусі па крэдытах, вылучэнне якіх залежала ад Расеі, перавышае 10 млрд долараў, сведчаць дадзеныя Міністэрства фінансаў, якія прыводзяцца ў праспекце эмісіі беларускіх еўрабондаў.

Так, на 31 сакавіка 2020 года доўг Беларусі па міждзяржаўных крэдытах, выдадзеных Расеяй, складаў 7 млрд 924,7 млн долараў. Акрамя гэтага, доўг Беларусі па крэдытах, выдадзеных Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця, у савеце якога старшынюе Мінфін Расеі, складаў 2 млрд 241,4 млн долараў.

Такім чынам, сумарна доўг Беларусі па крэдытах, звязаных з Расеяй, перавышае 10 млрд долараў.

Як паведамлялася, у бюджэце на 2020 год былі прадугледжаныя выплаты па дзяржаўным доўгу ў памеры 3,9 млрд долараў. Амаль палова гэтых выплат Беларусь у бягучым годзе павінна была ажыццявіць на карысць Расеі і Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця, якім фактычна кіруе расейскі Мінфін.

Раней прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў паведаміў, што падчас сустрэчы Уладзіміра Пуціна з Аляксандрам Лукашэнкам, якая мае адбыцца, будзе абмяркоўвацца тэма рэфінансавання беларускіх даўгоў перад Расеяй.

Тэлеграм-канал „Пул Першага” 9 верасня паведаміў, што сустрэча Лукашэнкі і Пуціна запланаваная на наступны тыдзень.

Пра планы рэфінансаваць выплаты па расійскіх даўгах Аляксандр Лукашэнка заявіў 27 жніўня на нарадзе, калі назіралася зніжэнне курсу беларускага рубля да ўсіх замежных валют.

„Мы не дапусцім абвалу нацыянальнай валюты. Калі народ хоча купіць долар — калі ласка, ён сёння каштуе колькі каштуе”, — падкрэсліваў Лукашэнка.

У гэтым кантэксце ён распавёў, што Беларусь вядзе з Расеяй перамовы аб рэфінансаванні доўгу на мільярд долараў.

„Гэта значыць мы ў сябе гэты мільярд долараў, дамовіўшыся з Расеяй, пакінем. І гэта будзе добрае падмацаванне нашай нацыянальнай валюты”, — адзначаў Лукашэнка.

Нагадаем, у жніўні на фоне павышанага попыту на СКВ курс беларускага рубля знізіўся да ўсіх замежных валют на 8%. Пры гэтым Нацбанк выкарыстаў рэзервы, каб не дапусціць рэзкага зніжэння курсу рубля. За жнівень золатавалютныя рэзервы Беларусі скараціліся на 1,4 млрд долараў і склалі на 1 верасня 7,46 млрд долараў.

belapan.by