Доўг Беларусі за газ склаў 328 млн даляраў. Улады Расеі спадзяюцца на яго пагашэнне
Прэм’ер-міністры Расеі і Беларусі Міхаіл Мішусцін і Раман Галоўчанка далі даручэнні прапрацаваць пагашэнне запазычанасці па пастаўках энерганосьбітаў Беларусі за гэты год. Пра гэта паведаміў журналістам у чацвер міністр энергетыкі РФ Аляксандр Новак.
«Старшыні ўрадаў далі даручэнні ў самыя кароткія тэрміны ўступіць у перамовы з улікам дасягнутых дамоўленасцяў, пра якія сказаў Міхаіл Мішусцін, аб пагашэнні запазычанасці ў бліжэйшы час, якая была назапашаная ў гэтым годзе за пастаўкі газу. Такія даручэнні дадзены», – сказаў Новак па выніках перамоваў прэм’ераў дзвюх краін (цытата па ТАСС).
Ён адзначыў, што Расея і Беларусь з’яўляюцца стратэгічнымі партнёрамі, РФ – асноўны пастаўшчык энергарэсурсаў для рэспублікі. У той жа час Беларусь з’яўляецца буйным транзіцёрам: праз краіну транзітам у Еўропу праходзяць велізарныя аб’ёмы нафты і газу, нагадаў міністр.
Новак паведаміў, што «Белнафтахім» і расейскія нафтавыя кампаніі ўжо пачалі перамовы па ўмовах кантрактаў на 2021 год, яны праходзяць канструктыўна, кампаніі прапануюць пакінуць нязменнай формулу цэнаўтварэння, якая дзейнічае ў 2020 годзе.
Ён адзначыў, што цэны на нафту для Беларусі фармуюцца на аснове камерцыйных дамоўленасцяў паміж расейскімі нафтавымі кампаніямі і «Белнафтахімам».
Гаворачы аб цэнах на газ для Беларусі на наступны год, кіраўнік расейскага Мінэнерга падкрэсліў, што гэта таксама з’яўляецца прадметам перамоў, у першую чаргу на ўзроўні кампаній – пастаўшчыкоў газу – «Газпрома» і пакупнікоў газу, то ёсць спажыўцоў Беларусі.
– Я думаю, што гэтыя перамовы ў хуткім часе ўжо пачнуцца пасля пагашэння запазычанасці за газ, – адзначыў ён.
На сярэдзіну жніўня запазычанасць беларускіх пакупнікоў перад «Газпромам» перавысіла 300 млн даляраў. Аляксандр Новак паведаміў, што ў цяперашні час памер доўгу складае 328 млн даляраў.
– Ёсць з аднаго боку запазычанасць у памеры 328 млн даляраў, якая за пастаўкі газу існуе, у тым ліку ёсць перадаплата ў памеры 101 млн даляраў. То бок вось гэтыя дзве лічбы, якія сёння ўлічваюцца ва ўзаемаразліках, – адзначыў міністр, але дадаў, што яшчэ неабходна правесці зверку.