Дробныя гандляры Беларусі масава не выйшлі на працу (абноўлена)



Прадпрымальнікі  Баранавіч правялі байкот указа Аляксандра Лукашэнка № 222, які з 1 сакавіка забараняе продаж тавараў без накладных і сертыфікатаў. Людзі выйшлі на рабочыя месцы, але ралетаў не адкрылі. Працавала  толькі крыху больш за 10 гандлёвых кропак, кажа прадпрымальнік Мікола Чарнавус:

Штрайкбрэхеры былі і будуць. Там гандлёвых кропак 10-15 адкрылася. Для тысячы гандлёвых месцаў – гэта дробязь. 2 сакавіка ідзём у гарвыканкам, каб яны там варушыліся: альбо працягнулі на гэты год указ, альбо яго адмянілі. Напрыклад, у Расеі і Казахстане яго працягнулі да 2017 года.

Калі гарадскі выканаўчы камітэт будзе глухі да звароту прадпрымальнікаў, то прыйдзецца паехаць у сталіцу на Кастрычніцкую плошчу. Іншага выхаду прадпрымальнікам не пакінулі, кажа Мікола Чарнавус.

* * *

З 1-га сакавіка берасцейскія прадпрымальнікі, як і іхныя калегі ў многіх іншых рэгіёнах краіны, не выйшлі на працу.  Яны не паверылі словам улады і пабаяліся буйных штрафаў за незаконную цяпер рэалізацыю прадукцыі лёгкай прамысловасці. «Вельмі крыўдна, што дагэтуль ніхто з кіраўніцтва краіны да нас не прыслухаўся, – кажа кіраўніца Савету берасцейскага рэчавага рынку ЦУМ Алена Кустус:

– Яны нас слухаюць, аднак пачуць – не хочуць. Нас не так мала ў Беларусі. І можа нехта і здолее працаваць з дакументамі, але гэта будуць адзінкі. Зразумела, і цана тавара адразу падскочыць у некалькі разоў. Мы ж адзіная мытная прастора. Пра які ўвазны ПДВ увогуле можна казаць!? Мы ж увозім тавары не з-за мяжы, а з Расейская Федэрацыі.

Агулам па Берасцейскай вобласці ня выйшла на працу некалькі тысяч прадпрымальнікаў, якія рэалізуюць прадукцыю на рэчавых рынках. Улада страчвае ў такім выпадку не толькі падаткі, але і тысячы працоўных месцаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

* * *

Стыхійныя страйкі індывідуальных прадпрымальнікаў пачаліся ў многіх рэгіёнах Беларусі. Гандляры пратэстуюць супраць указу № 222, паводле якога яны абавязаны мець сертыфікаты на кожную адзінку тавару. Ацэньваецца, што першага сакавіка на працу ня выйшла 80 працэнтаў ІП, і гэта сведчыць пра тое, што ўказ немагчыма рэалізаваць на практыцы – кажа адзін з прадпрымальніцкіх лідараў Вячаслаў Піліпук:

– Улады спрабавалі заклікаць прадпрымальнікаў выйсці на свае працоўныя месцы. Складаліся цэлыя групы з АБЭЗ, падатковай інспекцыі, прадстаўнікоў абл- і гарвыканкамаў, якія прыязджалі ў гандлёвыя цэнтры і рынкі і прасілі прадпрымальнікаў выйсці на працу, і казалі, што ніякай адказнасці і праверак не будзе. Прадпрымальнікі адказалі: „Вашае слова нічога не значыць для нас. Пішыце паперу і дайце нам гарантыі, інакш мы не выходзім і не працуем”. Прадстаўнікі ўладаў гарантыі даць адмовіліся.  

Прадпрымальнікі патрабуюць адмяніць ці ўвесці мараторый на указ № 222. Справа ў тым, што беларуская і расейская прававыя базы – не супадаюць. На аптовых рынках Расеі, дзе пераважна набываюць тавар дробныя гандляры, ім не даюць сертыфікатаў, бо ў заканадаўстве Расеі падобная норма – адсутнічае.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя