Дробныя гандляры не спадзяюцца на будучыню
Дробныя прадпрымальнікі Віцебска пакуль працуюць, але не маюць спадзяванняў на будучыню. Многія на гэты момант распрадаюць рэшткі тавараў, увезеныя яшчэ да 1-га ліпеня, калі ўступіў у дзеянне новы тэхнічны рэгламент Мытнага саюзу і з’явілася патрабаванне мець сертыфікаты на ўсе ўвезеныя ў Беларусь тавары. Частка гандляраў спрабуе ўвозіць тавары без дакументаў, іншыя, наадварот, робяць намаганні, каб выконваць заканадаўчыя нормы. Расказвае старшыня стваранага прафсаюзу „Разам“ Ірына Яскевіч:
– На сённяшні дзень нічога не змянілася. Мы чакаем першых канфіскатаў. Калі яны будуць, тады будзем нешта рабіць. Працуем, як і працавалі, у тым жа рэжыме. Пакуль будзем чакаць. Але, насамрэч, назрае нейкая сітуацыя, бо рэшткаў становіцца ўсё меней, а завозіць новыя тавары, якія завозілі раней, немагчыма.
Ірына Яскевіч адзначае, што прадпрымальнікі так і не атрымалі адказу на свой зварот на імя кіраўніка краіны, у якім, між іншым, прасілі прыраўнаць іх правы да правоў калегаў у Расеі:
-Ён загадаў адказаць міністэрствам. А міністэрствы адказалі нам толькі па адным, трэцім, пытанні. А першыя два пытанні засталіся без увагі. Пакуль мы чакаем. У хуткім часе большасць актыўных прадпрымальнікаў збярэцца, і напэўна мы будзем казаць пра тое, што адказ у поўным аб’ёме нам так і не быў дадзены.
Ірына Яскевіч кажа, што дробныя гандляры не маюць вялікіх спадзяванняў на будучыню. У перспектыве многія з іх, відавочна, будуць згортваць сваю працу.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота vitebskspring.org