Другасны рынак жылля ў Гародні адчувае крызіс
У Гародні з пачатку года няўхільна падае попыт на кватэры на другасным рынку жылля. Рыэлтары сцвярджаюць, што сітуацыя – найгоршая за апошнія пяць гадоў. Дынаміка продажаў у першым квартале гэтага года скарацілася больш як на 10% у параўнанні з мінулагодняй.
Супрацоўнікі гарадзенскіх агенцтваў нерухомасці звязваюць складаную сітуацыю найперш з дэвальвацыяй беларускага рубля, якая негатыўна адбілася на пакупніцкай здольнасці насельніцтва:
– На сённяшні дзень дастатак людзей даволі нізкі, калі ў пазамінулым годзе ўзяўшы крэдыт можна было кватэру купіць, даходы былі нармальныя. Цяпер даляр падняўся, а даход людзей асабліва не вырас, таму кватэру нават за 40 тысяч даволі цяжка купіць.
Паводле інфармацыі агенцтваў нерухомасці, кошты на кватэры ў Гародні залежаць ад іх месцазнаходжання, плошчы ды агульнага стану. Прыкладам, кошт двухпакаёўкі ў спальным раёне складае ў сярэднім ад 35 – да 65 тысяч даляраў.
Ёсць прапановы і на элітнае жыллё ў шматпавярховіках – пяціпакаёвая кватэра агульнай плошчай 125 квадратных метраў абыйдзецца ў 185 тысяч даляраў.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня