Другі энергаблок БелАЭС мае запрацаваць у наступным годзе
Другі энергаблок Беларускай атамнай электрастанцыі плануюць увесці ў эксплуатацыю ў наступным годзе, – паведамляе БелТА са спасылкай на міністра энергетыкі Віктара Каранкевіча. Блок гатовы на 95 працэнтаў.
Бліжэйшымі днямі на блоку завершацца работы, неабходныя для атрымання дазволу Дзяржатамнагляда на загрузку ядзернага паліва ў актыўную зону рэактара.
Міністр таксама расказаў, што ў цяперашні час БелАЭС выпрацоўвае каля 28 млн кВт.г электраэнергіі — гэта 22 працэнты ад агульнага аб’ёму ўсёй вырабленай электраэнергіі ў краіне.
Нагадаем, што першы энергаблок афіцыйна адкрылі летась у лістападзе. Пасля гэтага яго неаднаразова выключалі і зноў уключалі ў сетку. У большасці выпадкаў у профільным ведамстве казалі пра планавыя работы, але былі і паломкі.