Два заводы ААТ „Белшына” аднавілі працу
Завод масавых шын і завод буйнагабарытных шын ААТ „Белшына” аднавілі працу пасля прастою, які пачаўся 17 лютага.
Як паведаміў БелаПАН начальнік аддзела ідэалагічнай і сацыяльнай работы „Белшыны” Юрый Андрыеўскі, абодва заводы, як і планавалася, пачалі працу 21 лютага.
Завод звышбуйнагабарытных шын, які таксама быў спынены 17 лютага, плануецца запусціць 1 сакавіка.
За час вымушанага прастою рабочым прадпрыемства будзе выплачана 2/3 акладу.
Усе астатнія падраздзяленні ААТ, у тым ліку механічны завод, працягваюць працаваць.
Прыпыненне працы заводаў, раней паведамляў Андрыеўскі, было выкліканае планавым рамонтам тэхналагічнага абсталявання, у тым ліку вулканізацыйнага і зборачнага. У той жа час ён прызнаў, што ў апошнія гады ў прадпрыемства ёсць праблемы з абаротнымі сродкамі. Павялічылася дэбіторская і крэдыторская запазычанасці, не хапае сродкаў для закупкі сыравіны.
„На „Белшыне” праблемы былі, ёсць і будуць, на жаль”, — сказаў Андрыеўскі.
Гадавых звестак аб працы „Белшыны” пакуль няма. Згодна з фінансавай справаздачнасцю за дзевяць месяцаў мінулага года, выручка ААТ знізілася на 12% да 509,87 млн рублёў. У студзені—верасні прадпрыемства спрацавала з чыстым прыбыткам у 841 тыс. рублёў супраць 72,7 млн рублёў страт за аналагічны перыяд 2018 года.
Доўгатэрміновыя абавязацельствы „Белшыны” на канец верасня мінулага года складалі 212 млн рублёў. У параўнанні з 2018 годам яны знізіліся на 32,56%. На прадпрыемстве занята больш за 9 тыс. чалавек.
belapan.by