Дварковіч: Паведамленні пра новую формулу цаны на газ — гэта хлусня
Паведамленні пра папярэдняе ўзгадненне новай формулы цаны на газ для Беларусі з’яўляюцца ілжывымі, заявіў журналістам 8 верасня віцэ-прэм’ер Расіі Аркадзь Дварковіч, паведамляе рэсурс РБК.
„Магу толькі сказаць, што ўсё, што пісалася з нагоды таго, што там нешта ўзгоднена, — гэта ўсё няпраўда. Гэта ўсё ілжывая інфармацыя, якая не адпавядае сапраўднасці”, — сказаў Дварковіч. Ён дадаў, што перамовы па газавым пытанні працягваюцца.
Газавая спрэчка паміж Беларуссю і Расеяй доўжыцца больш за паўгода. Менск настойвае на зніжэнні кошту расейскага газу, Расея з гэтым не згодная і абвінавачвае беларускі бок у парушэнні кантракту. Для стымулявання пагашэння доўгу Масква ў трэцім квартале скараціла пастаўкі нафты на беларускія НПЗ. У чэрвені Аркадзь Дварковіч заявіў, што да скарачэння паставак прывяла недаплата беларускага боку за пастаўлены прыродны газ.
Расейскае выданне „Коммерсантъ” у канцы жніўня са спасылкай на свае крыніцы паведаміла, што Расея і Беларусь папярэдне ўзгаднілі новую формулу разліку кошту расейскага газу і зараз у разліках не будзе фігураваць долар, а кошт на газ знізіцца. Паводле звестак газеты, з 2017 года цана газу для Беларусі будзе вызначацца па сярэдняй цане паводле адзінай сістэмы газазабеспячэння Расеі, памножанай на павышальны каэфіцыент. У 2017 годзе сярэдняя цана будзе прыблізна 4,05 тыс. рублёў за 1 тыс. кубаметраў, а каэфіцыент складзе прыкладна 1,48. Такім чынам, цана газу для Беларусі ў 2017 годзе складзе прыкладна 6 тыс. рублёў за 1 тыс. кубаметраў. У астатнія месяцы 2016 году газ у Беларусь будзе пастаўляцца па цвёрдай цане ў 6,3 тыс. рублёў за 1 тыс. кубаметраў. Як адзначала расейскае выданне, цана на газ для Беларусі павінна знізіцца з дзейных 132 прыкладна да 100 даляраў за 1 тыс. кубаметраў.
БелаПАН