Дырэктар „Белнафтахіма”: Заявы расейскага боку пазбаўленыя канструктыўнасці



Увядзенне забаронаў і абмежаванняў у пытанні паставак расейскіх нафтапрадуктаў у Беларусь парушыць асноўныя прынцыпы Дамовы аб стварэнні ЕАЭС. Такое меркаванне карэспандэнту БелТА выказаў старшыня канцэрна „Белнафтахім” Андрэй Рыбакоў.

„Сёння ў шэрагу расейскіх СМІ прагучала інфармацыя з каментаром міністра энергетыкі РФ Аляксандра Новака пра тое, што эканамічнай мэтазгоднасці ў тым, каб пастаўляць расейскія нафтапрадукты ў Рэспубліку Беларусь няма, таму што яны проста могуць рээкспартаваць. Такія заявы, лічым, маюць на мэце паўплываць на ход перамоўнага працэсу і пазбаўленыя канструктыўнасці”, – адзначыў Андрэй Рыбакоў.

Ён падкрэсліў, што сваю пазіцыю і аргументы перамоўшчыкі з беларускага боку агучваюць на кансультацыях і не маюць намеру трансляваць іх у СМІ да завяршэння перамоўнага працэсу і падпісання адпаведных дакументаў.

Зараз беларускі і расейскі бакі знаходзяцца ў стадыі збліжэння пазіцый па вызначэнні індыкатыўных балансаў на 2019 г. Уся праца па пастаўках расійскіх нафтапрадуктаў вядзецца выключна ў прававым полі. Беларусь выконвае ў поўным аб’ёме узятыя на сябе абавязацельствы.

„Увядзенне забаронаў і абмежаванняў у дадзеным пытанні парушыць асноўныя прынцыпы Дамовы аб стварэнні ЕАЭС. Адсутнасць сыравіны знізіць загрузку асобных прадпрыемстваў, што негатыўна адаб’ецца на канкурэнтаздольнасці беларускай нафтахімічнай прадукцыі”, – сказаў на заканчэнне Андрэй Рыбакоў.

Перамовы па пытаннях далейшага супрацоўніцтва ў энергетычнай сферы будуць працягнутыя.