Дзе купіць бытавую тэхніку ды як перавезці праз мяжу шмат і хутка?
Пакупкі ў Польшчы – гэта не толькі бізнес, але і магчымасць набыць танныя тавары RTV, AGD, FOTO, GSM, IT. Буйныя гандлёвыя сеткі прывабліваюць распродажамі.
Частка беларусаў едзе ў бліжэйшыя гіпермаркеты: Media Markt, RTV Euro AGD; а частка ў тыя, што знаходзяцца далей, напрыклад, у Варшаве (Saturn). У кожнай больш-менш буйной краме пачуем рускую або беларускую мову, аднак моўных бар’ераў няма, таму што прадаўцы дастаткова добра валодаюць мовамі ўсходніх суседзяў.
Ці варта выбіраць краму, якая найбольш шырока рэкламуецца ў СМІ?
Не заўсёды. Рэкламаваная зніжка на тавар можа быць сапраўды вельмі прывабнай. Аднак цэны на іншыя тавары пры гэтым зусім не адрозніваюцца ад цэнаў у іншых гандлёвых сетках. Зніжка, такім чынам, распаўсюджваецца толькі на той тавар, які гандлёвая сетка замовіла ў вельмі вялікай колькасці і па надзвычай прывабным кошце.
Дзе можна найбольш танна набыць тавары AGD?
Лідарам у Падляшскім рэгіене з’яўляецца крама Neonet. Гэта агульнапольская сетка оптавага і рознічнага продажу тавараў AGD, RTV, FOTO, GSM, IT. У 90% выпадкаў галоўныя кліенты – гэта беларусы, паколькі цэны тут ніжэйшыя, чым ў іншых крамах у сярэднім на 10%. Акрамя таго, у часе вялікіх пакупак можна нават гандлявацца. Сталыя кліенты могуць замаўляць тавар праз інтэрнэт або тэлефон. З тэлевізараў беларусы найбольш ахвотна купляюць LG i Samsung, з ноўтбукаў – Acer, Asus, Siemens і іншыя.
Крамы сеткі Neоnet знаходзяцца ў Беластоку, Лапах, Сямятычах, Аўгуставе, Бельску Падляшскім, Моньках, Седльцах, Замосці ды ў іншых мясцовасцях.
Калі мы загадзя замовім тавар, то будзем мець гарантыю таго, што тавар мае фабрычную ўпакоўку. Гэта не характэрна для іншых крамаў. Але і гэта не ўсё.
Крама Neonet, як кожны супермаркет, афармляе дакументы TAX FREE, на аснове якіх, пасля вывазу тавару за мяжу, поўнасцю вяртаецца падатак VAT. У многіх іншых маркетах у часе вяртання падатку VAT фірма-пасярэднік адлічае для сябе працэнты.
Дакументы TAX FREE запаўняюцца на кампутары, аднак іх можна запоўніць і ад рукі. Навошта?
У некаторых з беларускіх прадпрымальнікаў з’явілася геніяльная ідэя, як выкарыстаць гэтую сітуацыю дзеля ўласных інтарэсаў. Гэта не простая справа, аднак самыя дасведчаныя пра яе ведаюць.
Прадавец у краме не запаўняе палі ў дакуменце TAX FREE з асабістымі данымі кліента, які набыў тавар. Пакупнік, які мае тавар, напрыклад, некалькі тэлевізараў (якія сам не можа перавезці з прычыны колькасных абмежаванняў і незапоўненых дакументаў TAX FREE), можа на мяжы ўпісаць даныя асобы, якая фактычна будзе з гэтым таварам перасякаць польска-беларускую мяжу. За перавозку трэба заплаціць. Колькі? Усе залежыць ад аб’ему тавару. І гэтая сума ад 5 USD і вышэй. «Бізнесовец» запіша асабістыя даныя «перавозчыка», а таксама рэгістрацыйны нумар аўтамабіля, і пазней, пасля перавозкі, забярэ свой тавар.
Польскія мытнікі добра ведаюць пра такое вырашэнне пытання. Аднак для іх не мае значэння, хто і чый тавар перавозіць. Галоўнае, што дакументы аформлены правільна, а ўсё даныя – сапраўдныя. Хоць такая перавозка тавараў і не зусім у межах польскага заканадаўства, аднак бізнес ёсць бізнес.
Акрамя таго, што тавар можна замовіць праз інтэрнэт, фірма мае магчымасць дастаўкі тавару на мяжу. Так, напрыклад, за пральную машыну, духавую шафу або тэлевізар заплацім 24 злотых за адзінку тавару. Таму варта добра падлічыць і ўсё прадумаць, каб перавезці шмат, хутка і танна.
Беларускае Радыё Рацыя