Дзе сёння лепш захоўваць зберажэнні?
Эканаміст Леанід Злотнікаў раіць беларусам, у якіх ёсць зберажэнні, укладваць іх у тавары, кошты на якія пакуль не падняліся.
Леанід Злотнікаў: Сёння склалася такая сітуацыя, што валюту яшчэ і купіць праблема, бо ля акенца ў абменніку трэба чакаць, пакуль хто-небудзь здасць даляры ці еўра. 100-200 даляраў яшчэ можна набыць, а паспрабуйце купіць некалькі тысяч даляраў, калі ёсць беларускія грошы. Таму тым, хто збіраў на рамонт, куплю тавараў, трэба і купляць. Уласна кажучы, апошні месяц народ гэтым і займаўся. Зараз нявызначаная сітуцыя з валютай, няма раўнавеснага курса. На біржы валюта ёсць, у абменніках – няма. І ў гэтым плане трэба шавяліць урад, каб нешта змянялася ў лепшы бок. Тады і людзі будуць ведаць, куды ім лепш укласці грошы. А зараз жа ніхто ні ў чым не ўпэўнены. Паўтаруся, пакуль кошты стрымліваюць, можна набываць неабходныя тавары.
РР: Узровень жыцця беларусаў падае?
Леанід Злотнікаў: Безумоўна, гэта ж няўзброеным вокам бачна. Заробкі падымаць не плануецца, у пераліку на валюту яны падаюць, кошты, хоць і стрымліваюць у крамах, паціху усё роўна растуць. І зараз дзяржаве вельмі складана спыніць гэтае падзенне ўзроўню. Зберажэнні насельніцтва будуць змяншацца, яны пойдуць на нейкія пакупкі, якія неабходны ў жыцці. А многія ж прывязваюць кошт менавіта да даляра. І ўзровень жыцця падае не таму, што нешта аб’ектыўна адбываецца ў прыродзе, а таму што краіна ідзе не па таму шляху ў эканоміцы. Атрымоўваецца, што ўрад ідзе сваім шляхам, а насельніцтва сваім. Кожны стараецца выжыць, як можа.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя