Дзмітрый Балкунец: Прыпыненне руху – чарговы эфектыўны ціск на рэжым
Прыпыненне руху Польшчай з 1-га чэрвеня праз польска-беларускую мяжу зарэгістраваных у Беларусі і Расеі фур з таварамі, падчас адпаведнай анлайн-сустрэчы пракаментаваў палітолаг, сябра Форуму дэмакратычных сілаў Дзмітрый Балкунец:
– Беларускія кампаніі, беларускія грамадзяне, зарэгістравалі на тэрыторыі Польшчы некалькі соцень арганізацый, атрымліваюць польскія нумары. Выкарыстоўваючы польскія дакументы едуць па тэрыторыі Польшчы, у Беларусь яны ўжо ўязджаюць па іншых дакументах, іх прапускаюць. Гэта канешне нанесла шкоду польскім перавозчыкам, якія нясуць страты, недаатрымліваюць даходы. Тыя пратэсты, якія ў іх былі, прывялі да таго, што польскі ўрад пачуў меркаванне сваіх перавозчыкаў. Гэта не моцна звязана з абаронай правоў грамадзян Беларусі, ці з палітвязнямі. Гэта таксама адзін з элементаў ціску на рэжым Лукашэнкі.
Па словах палітолага, такое прыпыненне руху можа даць эфект у будучыні і адбіцца не толькі на вызваленні палітвязняў, але і ў выглядзе адмовы ад размяшчэнне ў Беларусі ядзернай зброі Расеяй. Вядома, што новаўвядзенне Польшчы забараняе таксама суб’ектам гаспадарання Еўразвяза ажыццяўляць перачэпку беларускіх і расейскіх прычэпаў.
Беларускае Радыё Рацыя