Дзмітрый Крук: Нягледзячы на дэфолт, у Беларусі распачаўся аднаўленчы рост эканомікі
Вынікі беларускай эканомікі за першы квартал гэтага года абмеркавалі ўдзельнікі анлайн-прэзентацыі новых матэрыялаў даследчай арганізацыі BEROC «Маніторынг эканомікі Беларусі».
Асноўныя эканамічныя трэнды Беларусі агучыў старэйшы навуковы супрацоўнік BEROC, эканаміст Дзмітрый Крук:
-Ужо з упэўненасцю можна казаць, што пачаўся аднаўленчы рост эканомікі. Другі важны элемент, важная характарыстыка гэтага росту – тое, што ён адбываецца дастаткова збалансавана, і за кошт зненшняга попыту, то бок, чыстага экспарту, суадносін экспарту да імпарту, і ўнутранага попыту. Галоўныя складнікі – гэта аднаўленне сыравіннага экспарту, перадусім, нафтавага экспарту, таксама аднаўленне нафтавай рэнты.
Паводле эканаміста, нягледзячы на фактычны дэфолт, летась Беларусь палепшыла стан валавога знешняга доўгу. Дапамаглі ў гэтым прадпрыемствы, якія змаглі зарабіць на экспарце і не бралі новыя крэдыты. Акрамя гэтага на фоне працоўнай міграцыі працаўдаўцы паднялі заробкі для работнікаў унутры Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя