Эколаг: Рэалізацыя Е40 прынясе вялікую шкоду беларускаму Палессю



Нідэрланды могуць далучыцца да рэалізацыі праекта воднай магістралі Е40. Пра гэта паведамляюць украінскія СМІ са спасылкай на амбасадара Украіны ў Нідэрландах Усевалада Чанцова. Паводле ўкраінскага амбасадара, “Нідэрланды маюць вялікі міжнародны вопыт па рэалізацыі праектаў у сферы развіцця ўнутраных водных шляхоў, портавых гаспадарак”.

Гомельскі эколаг Дзмітрый Янкоў перакананы, што пераўтварэнне Прыпяці ў ажыўленую водную магістраль, як гэта прапаноўваюць ініцыятары праекта Е40, нанясе непапраўную шкоду беларускаму Палессю.

– Уявіце сабе невялікую рэчку. Была рэчка з натуральным рэчышчам, звілістая, са сваім паводкавым рэжымам. Там кожную вясну разлівалася вада, залівала пойму, узбагачала яе вільгаццю і арганічнымі ўгнаеннямі. Там расла пэўная колькасць раслін, існаваў жывы біятоп. І гэтую рэчку раптам каналізуюць. То-бок, цалкам выпрамляюць рэчышча. Тым самым паскарая скід сцёкавых вод, ападкаў. І ўявіце ў маштабах Палесся.

Згодна з планамі распрацоўшчыкаў, у Беларусі асноўная частка воднай трасы Е40 пройдзе па рацэ Прыпяць, якая на сённяшні дзень з’яўляецца адной з самых некранутых буйных рэк у Еўропе. Ажыццяўленне праекта прадугледжвае паглыбенне дна ракі і яе прытокаў да мінімальнай адзнакі ў 2,5 м. Для гэтага спатрэбіцца пабудаваць шэраг плацін і выпраставаць рэчышча ракі на некалькіх участках.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Віктара Малышчыца