Дзве траціны малых і сярэдніх прадпрыемстваў адчулі падзенне выручкі



З-за складанай эпідэміялагічнай і эканамічнай сітуацыі 64% малых і сярэдніх прадпрыемстваў Беларусі сутыкнуліся з падзеннем выручкі. Пра гэта сведчаць дадзеныя рэпрэзентатыўнага апытання, праведзенага ў красавіку кампаніяй MIA Research па замове Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC).

У апытанні ўзялі ўдзел 100 мікра, – малых і сярэдніх прадпрыемстваў, якія прадстаўляюць практычна ўсе асноўныя віды дзейнасці беларускай эканомікі. Анлайн-прэзентацыя вынікаў адбылася 6 мая ў рамках праекта «Адкрыты дыялог».

«Асноўная задача нашага даследавання была ў тым, каб зрабіць здымак бізнесу і паказаць, што з ім цяпер адбываецца», – адзначыў падчас прэзентацыі старшы навуковы супрацоўнік BEROC Радзівон Марозаў. Паводле яго слоў, скарачэнне выручкі – асноўная праблема для беларускага бізнесу. «Шок адбыўся на ўнутраным рынку і гаворыць пра тое, што і прадпрыемствы, і насельніцтва знізілі свае расходы», – сказаў Марозаў.

Паводле яго слоў, 40% малых і сярэдніх прадпрыемстваў падчас апытання заявілі аб скарачэнні сваёй выручкі больш чым на 20%. У найбольшай меры гэта праблема закранула кампаній, якія займаюцца забаўляльнымі паслугамі і арэндай жылой нерухомасці. Аб скарачэнні выручкі больш чым на 20% заявілі каля 90% такіх кампаній.

Лепш за ўсё адчуваюць сябе малыя і сярэднія прадпрыемствы, якія працуюць у сферы сельскай гаспадаркі. «Там выручка, паводле дадзеных апытання, вырасла ў большай колькасці кампаній, чым у тых, у якіх яна знізілася. Там ні ў каго няма падзення выручкі больш чым на 20%», – падкрэсліў Марозаў.

У сувязі са складаным становішчам, у якім апынуліся шматлікія прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу, яны хацелі б атрымаць падтрымку з боку дзяржавы, паведаміў эксперт.

«Малы і сярэдні бізнес перш за ўсё цікавяць падатковыя і крэдытныя канікулы, зніжэнне адлічэнняў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва і адмена штрафных санкцый за несвоечасовую выплату падаткаў і збораў», – сказаў Марозаў.

Пры гэтым ён адзначыў: нягледзячы на складаныя часы, некаторыя кампаніі (9% рэспандэнтаў) ахвяруюць грошы арганізацыям аховы здароўя, а шматлікія (24% апытаных) плануюць гэта рабіць.

«Гэтыя лічбы ўсяляюць аптымізм і выклікаюць павагу да тых кампаній, якія такую падтрымку аказваюць», – падкрэсліў Марозаў.

БелаПАН