Дзяржава будзе гарантаваць кампенсацыю ўкладаў індывідуальным прадпрымальнікам
У Беларусі плануецца ўвесці гарантаванае вяртанне грашовых сродкаў, размешчаных індывідуальнымі прадпрымальнікамі на рахунках і ва ўклады ў банках. Гэта прадугледжвае праект закона «Аб гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб».
Акрамя гэтага, дакумент прадугледжвае скарачэнне з аднаго месяца да 7 дзён (з даты падачы адпаведнай заявы) тэрмiну выплаты кампенсацыі банкаўскіх укладаў.
Праект закона таксама дае фізічным асобам, якія не з’яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, магчымасць выбару спосабу выплаты кампенсацыі (наяўнымі грашовымі сродкамі альбо ў безнаяўным парадку).
Акрамя гэтага, прадугледжана павелічэнне з двух да пяці гадоў часу, на працягу якога ўкладчыкі маюць права звярнуцца па кампенсацыю банкаўскага ўкладу.
«Рэалізацыя палажэнняў праекта Закона дасць магчымасць павысіць узровень прававой абароны ўкладчыкаў, уключаючы фізічных асоб, якія выступаюць у якасці індывідуальных прадпрымальнікаў, палепшыць якасць абслугоўвання ўкладчыкаў», – адзначаюць у Нацбанку.
Праект закона «Аб гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб» Нацбанк вынес на грамадскае абмеркаванне на перыяд з 10 па 20 ліпеня 2020 года.
Нагадаем, у Беларусі дзяржава гарантуе вяртанне ўсіх укладаў насельніцтва ў поўным абʼёме ў выпадку немагчымасці камерцыйных банкаў выконваць свае абавязацельствы. Такое рашэнне ў нашай краіне было прынятае ў лістападзе 2008 года і дзейнічае дагэтуль.
З мэтай кампенсацыі сродкаў укладчыкам у Беларусі створанае дзяржаўнае Агенцтва па гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб. У 2015 годзе, калі «Дэльта Банк» быў прызнаны неплацежаздольным, агенцтва вяртала дэпазіты ўкладчыкам.
Паводле дадзеных інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Нацбанка, у большасці краін дзяржава ў выпадку неплацежаздольнасці банка абавязваецца вярнуць укладчыкам не ўсю, а толькі пэўную суму.