Дзяржава бярэ Форэкс пад кантроль?
Старшы аналітык фінансавай кампніі Альпары Вадзім Іосуб пракаментаваў прэзідэнцкі ўказ „Аб ажыццяўленні дзейнасці на пазабіржавым рынку Форэкс”.
Аляксандр Лукашэнка 4 чэрвеня падпісаў указ № 231 „Аб ажыццяўленні дзейнасці на пазабіржавым рынку Форэкс”.
„Дакумент прыняты ў мэтах развіцця фінансавага рынку Беларусі, павышэння прававой абароненасці грамадзян – спажыўцоў фінансавых паслуг і зніжэння рызыкі з’яўлення на рынку кампаній-махляроў і фінансавых пірамід”, – паведамляе прэс-служба прэзідэнта.
Указ дае магчымасць вядзення ў Беларусі новага віду фінансавай дзейнасці з атрыманнем адпаведнага легальнага даходу. Дакументам урэгуляваныя механізмы правядзення аперацый на рынку Форэкс і кантролю над яго ўдзельнікамі.
РР: Ці можна сказаць, што дзяржава бярэ Форэкс пад свой кантроль?
Вадзім Іосуб: Скажам так: дзяржава пачынае рэгуляваць сферу рынку Форэкс, якая да гэтага часу не рэгулявалася. Думаю, такі крок з боку Нацбанка пойдзе на карысць развіцця гэтай галіны ў краіне і на карысць кліентаў кампаніі. Што адметна – гэта будзе не толькі дапамагаць развіццю фінансавага рынку з дапамогай тых кампаній, якія зараз на гэтым рынку прысутнічаюць. Дастаткова ўнікальныя ўмовы па падаткаабкладанню могуць прывабіць на беларускі рынак іншыя форэкс-кампаніі, якія раней тут адсутнічалі. Па-другое, могуць прывабліваць працаваць у форэкс-кампаніях і кліентаў-нерэзідэнтаў Беларусі. А гэта будзе азначаць прыцягненне грошай у краіну.
РР: Ці чакалі прыняцця гэтага дакумента?
Вадзім Іосуб: Безумоўна. У прыватнасці кампанія Альпары прымала актыўны здзел у абмеркаванні гэтага праекту, пакуль ён распрацоўваўся спецыялістамі Нацыянальнага банка. Дарэчы, пры распрацоўцы дакумента Нацбанк цікавіўся меркаваннем удзельнікаў рынка. Гэта была такая мадэльная сітуацыя канструктыўнага ўзаемадзеяння дзяржавы і бізнеса.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя