Дзяржава – супраць дробных бізнесоўцаў
У Гародні больш за сто прадпрымальнікаў штомесяц спыняюць сваю дзейнасць. На працягу года гэтая лічба перавысіла 2 700 чалавек. У дадзеных эканамічных умовах прадстаўнікі дробнага бізнесу не бачаць сэнсу далейшай працы. Як зазначае старшыня прафсаюза прадпрымальнікаў “Садружнасць” Валянцін Бранцэвіч, дзяржава робіць усё дзеля таго, каб прадпрымальнікі зніклі як клас: прыклад таму – апошнія заканадаўчыя новаўводзіны, паводле якіх істотна абмежавана дзейнасць дробных бізнесоўцаў:
– Прымаецца шмат нарматыўна-прававых актаў, якія рэгулююць дзейнасць ІП. Гэта няправільна, трэба сур’ёзна працаваць над заканадаўствам. Няўжо ад гэтага выйграе дзяржава? Зразумела, што не.
З пачатку 2016 года у Гародні прайшло тры сустрэчы прадпрымальнікаў з кіраўніцтвам горада, на якіх абмяркоўвалася цяжкае становішча прадстаўнікоў дробнага бізнесу. Чынавенства не выказала падтрымкі прадпрымальнікам і папярэдзіла, што ім прыйдзецца працаваць на тых невыгодных умовах, якія прапануе дзяржава.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня