Дзярждоўг Беларусі павялічыўся за студзень—лістапад на 3,4 млрд рублёў



Дзяржаўны доўг Рэспублікі Беларусь павялічыўся ў параўнанні з пачаткам 2018 года на 3,4 млрд рублёў, або на 8,1%, і на 1 снежня склаў 45,6 млрд рублёў, паведамляе Міністэрства фінансаў.

Пры гэтым знешні дзярждоўг на 1 снежня склаў 16,8 млрд долараў ЗША, павялічыўшыся з пачатку года на 70,3 млн долараў, або на 0,4%.

У студзені—лістападзе прыцягнуты знешнія дзяржаўныя пазыкі на суму 2 млрд 112,4 млн долараў ЗША: 797,5 млн долараў — урада і банкаў Расейскай Федэрацыі; 600 млн долараў — еўрааблігацыі; 361,3 млн долараў — банкаў КНР; 200 млн долараў — ЕФСР; 138,5 млн долараў — МБРР; 15,1 млн долараў ЗША — ЕБРР і ПІБ.

Пагашэнне знешняга дзяржаўнага доўгу з пачатку 2018 года склала 1 млрд 883,1 млн долараў ЗША: 800 млн долараў — еўрааблігацыі; 374,9 млн долараў — банкі КНР; 374,3 млн долараў — урад Расейскай Федэрацыі; 264,8 млн долараў — ЕФСР; 65,4 млн долараў — МБРР; 2,7 млн долараў — Таварна-крэдытная карпарацыя ЗША; 1 млн долараў — ЕБРР і ПІБ.

Унутраны дзярждоўг па стане на 1 снежня склаў 9,7 млрд рублёў, павялічыўшыся з пачатку года на 489,5 млн рублёў (з улікам курсавых розніц), або на 5,3%.

За студзень—лістапад 2018 года размешчана ўнутраных валютных дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на суму 338,3 млн долараў ЗША. Кампенсавана валютных і рублёвых дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на суму 309,8 млн долараў ЗША і 26,1 млн рублёў.

Урад мае намер зрабіць больш жорсткімі падыходы да прыцягнення новых запазычанняў, заявіў міністр фінансаў Максім Ермаловіч 29 лістапада ў Менску на міжнародным дзелавым форуме Банка развіцця для замежных партнёраў „Скрыжаванне Беларусь”.

Ермаловіч звярнуў увагу, што паступова паляпшаецца якасць беларускага пазыковага партфеля. „З пункту гледжання Міністэрства фінансаў, краіна не сутыкнецца з сур’ёзнымі цяжкасцямі па рэфінансаванні сваіх абавязацельстваў у будучыні. Выплаты па знешнім доўгу раўнамерна размеркаваны па гадах. Да таго ж сумы, якія падлягаюць выплаце, дасягальныя для нас з пункту гледжання аб’ёмаў рэфінансавання. Гэта не стварае рызык дэфолту для краіны”, — адзначыў міністр.

Кіраўнік Мінфіна таксама звярнуў увагу на важнасць адкрыцця новых рынкаў запазычанняў. „У сярэднетэрміновай перспектыве мы бачым выхад на рынкі Азіі і Расейскай Федэрацыі з суверэннай праграмай эмісіі”, — сказаў Ермаловіч.

У 2019 годзе ўрад і Нацыянальны банк павінны накіраваць на выплаты па даўгах 4,9 млрд долараў. Паводле інфармацыі БелаПАН, з гэтай сумы абавязацельствы ўрада складаюць 3,8 млрд долараў, Нацбанка — 1,1 млрд долараў.

Улады маюць намер разлічвацца па сваіх абавязацельствах за кошт пазыковых і недаўгавых крыніц. У прыватнасці ў 2019 годзе Мінфін мае намер прыцягнуць новыя пазыкі на 1,87 млрд долараў, у тым ліку 370 млн долараў плануецца прыцягнуць на ўнутраным рынку за кошт размяшчэння валютных аблігацый. Яшчэ 1,5 млрд долараў улады збіраюцца заняць на знешніх рынках. Як чакаецца, частку даўгавых абавязацельстваў удасца выканаць за кошт недаўгавых крыніц

belapan.by