Дзярждоўг Беларусі вырас з пачатку года амаль на 12%



Дзяржаўны доўг Беларусі павялічыўся ў параўнанні з пачаткам 2020 года на 5,3 млрд рублёў, або на 11,9%, і на 1 траўня склаў 50,1 млрд рублёў, паведамляе Міністэрства фінансаў.

Знешні дзярждоўг на 1 мая склаў 16,6 млрд долараў ЗША, зменшыўшыся з пачатку года на 0,5 млрд даляраў (з улікам курсавых розніц), або на 2,9%.

У студзені—красавіку 2020 года прыцягнутыя знешнія дзяржаўныя пазыкі на суму, эквівалентную 255,2 млн долараў ЗША: 224,6 млн даляраў — урада і банкаў Расейскай Федэрацыі; 15,6 млн даляраў — Экспартна-імпартнага банка Кітая; 9,5 млн даляраў — МБРР; 5,5 млн даляраў — ЕБРР і Паўночнага інвестыцыйнага банка (ПІБ).

Пагашэнне знешняга дзярждоўгу ў студзені—красавіку 2020 года склала 567,3 млн даляраў ЗША: 251,6 млн даляраў — ураду Расейскай Федэрацыі; 171,2 млн долараў — банкам Кітая; 88,3 млн даляраў — ЕФСР; 54,2 млн даляраў — МБРР; 1,3 млн даляраў — ЕБРР і ПІБ; 0,7 млн даляраў — Таварна-крэдытнай карпарацыі ЗША.

Унутраны дзярждоўг на 1 мая склаў 9,6 млрд рублёў, павялічыўшыся з пачатку года на 0,8 млрд рублёў (з улікам курсавых розніц), або на 9,5%.

У студзені—красавіку 2020 года размешчана ўнутраных валютных дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на суму, эквівалентную 189,7 млн даляраў ЗША. Кампенсавана валютных і рублёвых дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на суму, эквівалентную 230,0 млн даляраў і 161,2 млн рублёў.

У адносінах да ВУП на 1 мая дзярждоўг склаў 33,1%, у тым ліку знешні дзярждоўг — 26,7%, унутраны — 6,4%.

У 2020 годзе Беларусь павінна накіраваць на абслугоўванне дзяржаўнага доўгу 2,9 млрд рублёў і 6 млрд — на пагашэнне асноўнага доўгу. Больш за 85% выдаткаў будуць звязаныя з выплатамі на карысць Расеі, Кітая і Еўразійскай фонду стабілізацыі і развіцця.

Міністр фінансаў Максім Ермаловіч заявіў журналістам 16 красавіка, што з выкананнем даўгавых абавязацельстваў істотных праблем не ўзнікае.

Паводле яго слоў, змяненне курсу беларускага рубля ў адносінах да даляра ЗША і еўра не паўплывае істотна на выплаты Беларусі па знешніх даўгах. „У нас рэзервы фармаваліся як у беларускіх рублях, так і ў замежнай валюце. Мы валютныя рызыкі ўлічваем у сваёй працы. Прытым мы закладвалі ў праект бюджэту досыць кансерватыўны сцэнар, у тым ліку і па курсе беларускага рубля ў адносінах да долара ЗША і еўра”.

Ермаловіч адзначыў, што большы ўплыў мае „змена ставак у параўнанні з тымі, якія закладваліся ў бюджэт, а таксама істотнае змяненне курсу расейскага рубля да долара ЗША”. „Але сумарна ўсе гэтыя фактары будуць сябе ўраўнаважваць, і якіх-небудзь істотных праблем з выкананнем абавязацельстваў па працэнтных плацяжах у бягучым годзе і па выкананні асноўнага доўгу ў нас не ўзнікае”, — падкрэсліў кіраўнік Мінфіна.

belapan.by