Дзярждоўг Беларусі вырас з пачатку года на 2,9% і амаль дасягнуў 60 млрд рублёў
Дзяржаўны доўг Рэспублікі Беларусь павялічыўся ў параўнанні з пачаткам 2021 года на 1,7 млрд рублёў, або на 2,9%, і на 1 сакавіка склаў 59,5 млрд рублёў, або 38,4% да ВУП, паведамляе Міністэрства фінансаў.
Знешні дзярждоўг па стане на 1 сакавіка склаў 18,3 млрд даляраў ЗША, ён зменшыўся з пачатку года на 0,3 млрд даляраў (з улікам курсавых розніц), або на 1,4%.
У студзені—лютым 2021 года прыцягнутыя знешнія дзяржаўныя пазыкі на суму, эквівалентную 129,2 млн даляраў ЗША: 114 млн даляраў — урада Расейскай Федэрацыі; 15,2 млн даляраў — МБРР і ЕБРР.
На пагашэнне знешняга дзярждоўгу ў студзені—лютым накіравана 386,4 млн даляраў ЗША: 188,4 млн даляраў — ураду Расейскай Федэрацыі; 186,2 млн даляраў — банкаў Кітая; 11,8 млн даляраў — МБРР.
Унутраная дзяржаўная запазычанасць на 1 сакавіка склала 11,7 млрд рублёў, яна павялічылася з пачатку года на 1,9 млрд рублёў (з улікам курсавых розніц), або на 18,9%.
У студзені—лютым 2021 года размешчана ўнутраных валютных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на 695 млн даляраў ЗША. Пагашэнне дзяржаўных аблігацый з пачатку года не ажыццяўлялася.
Міжнароднае інфармацыйнае агенцтва Reuters у сакавіку апублікавала меркаванне старшага эканаміста фінансавай кансультацыйнай кампаніі Tellimer, які лічыць, што эканоміка Беларусі, разам з эканомікамі Ямайкі, Туніса, Эквадора, Шры-Ланкі, Эфіопіі, Лаоса, Бахрэйна і Амана, знаходзіцца ва ўразлівым становішчы і ў будучыні ў гэтых краінах могуць паўстаць праблемы з плацежаздольнасцю.
Плацяжы па дзярждоўгу Беларусі ў 2021 годзе ацэньваюцца на ўзроўні 8 млрд рублёў, у тым ліку пагашэнне — 4,9 млрд рублёў, абслугоўванне — 3,1 млрд рублёў.
З агульнага аб’ёму плацяжы ў замежнай валюце складуць 3 млрд даляраў ЗША, у тым ліку пагашэнне дзярждоўгу — 1,9 млрд долараў, абслугоўванне — больш за 1,1 млрд даляраў.
Паводле дадзеных Мінфіна, у мэтах рэфінансавання часткі доўгу ў 2021 годзе плануецца ажыццявіць запазычанні на 2,5 млрд рублёў (каля 1 млрд даляраў ЗША), у тым ліку: на знешніх фінансавых рынках — 2 млрд рублёў (775 млн даляраў); на ўнутраным фінансавым рынку — 0,5 млрд рублёў (200 млн даляраў).
У 2020 годзе дзярждоўг Беларусі павялічыўся на 13 млрд рублёў, або на 29%, і на 1 студзеня 2021 года склаў 57,8 млрд рублёў, або 37,3% да ВУП.
Урад Беларусі ў 2021—2025 гадах мае намер утрымліваць узровень дзярждоўгу не больш за 40% да ВУП.