Дзярждоўг Беларусі за першы месяц года вырас на 1,9 млрд рублёў



Дзяржаўны доўг Рэспублікі Беларусь павялічыўся ў параўнанні з пачаткам 2021 года на 1,9 млрд рублёў, або на 3,3%, і на 1 лютага склаў 59,7 млрд рублёў, або 38,2% да ВУП, паведамляе Міністэрства фінансаў.

Знешні дзярждоўг на 1 лютага года склаў 18,3 млрд даляраў ЗША, зменшыўшыся з пачатку года на 0,3 млрд даляраў ЗША (з улікам курсавых розніц), або на 1,4%.

У студзені 2021 года прыцягнутыя замежныя дзяржаўныя пазыкі на суму, эквівалентную 35,7 млн даляраў ЗША: 25,5 млн даляраў — урад Расеі; 10,2 млн даляраў — МБРР.

Пагашэнне знешняга дзярждоўгу ў студзені склала 270,1 млн даляраў ЗША: 84,0 млн — урад Расеі; 186,1 млн — банкі Кітая.

Унутраны дзяржаўны доўг на 1 лютага 2021 года склаў 11,6 млрд рублёў і павялічыўся з пачатку года на 1,8 млрд рублёў (з улікам курсавых розніц), або на 17,7%.

У студзені размешчана ўнутраных валютных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на 625,9 млн даляраў ЗША.

Міністэрства фінансаў раней паведаміла, што з 1 па 31 студзеня на ўнутраным фінансавым рынку рэалізавана дзяржаўных доўгатэрміновых аблігацый на 626,17 млн даляраў ЗША, у тым ліку імянных аблігацый — на 619,37 млн, аблігацый на прад’яўніка — на 6,8 млн.

Такім чынам, за студзень Мінфін прадаў валютных аблігацый на ўнутраным рынку больш, чым за ўвесь мінулы год. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, гэта звязана з рэструктурызацыяй уладамі валютнага доўгу аднаго з буйных дзяржаўных прамысловых прадпрыемстваў. На думку фінансавых аналітыкаў, гэта мог быць Беларускі металургічны завод. Каштоўныя паперы былі выкупленыя беларускімі банкамі.

У 2020 годзе дзярждоўг павялічыўся на 13 млрд рублёў, або на 29%, і на 1 студзеня 2021 года склаў 57,8 млрд рублёў, або 37,3% да ВУП.

Плацяжы па дзярждоўгу Беларусі ў 2021 годзе ацэньваюцца на ўзроўні 8 млрд рублёў, у тым ліку пагашэнне — 4,9 млрд рублёў, абслугоўванне — 3,1 млрд рублёў.

З агульнага аб’ёму плацяжы ў замежнай валюце складуць 3 млрд даляраў ЗША, у тым ліку пагашэнне дзярждоўгу — 1,9 млрд даляраў, абслугоўванне — больш за 1,1 млрд.

Згодна са звесткамі Мінфіна, у мэтах рэфінансавання часткі доўгу ў 2021 годзе плануецца ажыццявіць запазычанні на 2,5 млрд рублёў (прыблізна 1 млрд даляраў ЗША), у тым ліку: на знешніх фінансавых рынках — 2 млрд рублёў (775 млн долараў); на ўнутраным фінансавым рынку — 0,5 млрд рублёў (200 млн даляраў).

Частка плацяжоў па пагашэнні дзярждоўгу будзе выкананая за кошт вяртання сродкаў, дадзеных на зваротнай аснове арганізацыям са сродкаў замежных крэдытораў, у суме 564,6 млн рублёў і рэшткаў сродкаў рэспубліканскага бюджэту ў 1 млрд 859,5 млн рублёў.

Урад Беларусі ў 2021—2025 гадах мае намер утрымліваць узровень дзярждоўгу не больш за 40% да ВУП.

belapan.by