Дзярждоўг на канец 2018 года складзе прыкладна 40% ВУП



Дзяржаўны доўг Беларусі на канец 2018 года будзе складаць прыкладна 40% ВУП, паведаміў 12 лістапада журналістам міністр фінансаў Максім Ермаловіч. Паказчык нацыянальнай бяспекі, які ўстаноўлены на ўзроўні 45%, не будзе перавышаны пры выкананні праграмы дзейнасці ўрада да 2020 года, адзначыў ён.

„Якім ён (дзярждоўг) будзе дакладна — пытанне досыць складанае… Усё будзе залежаць ад магчымасцяў па яго датэрміновым пагашэнні, неабходнасці рэфінансавання. Ёсць вельмі шмат фактараў, у тым ліку макраэканамічных, якія ўплываюць на стан дзярждоўгу”, — сказаў Ермаловіч.

Як раней паведамляў Мінфін, дзяржаўны доўг Беларусі на 1 кастрычніка склаў 44,6 млрд рублёў і павялічыўся ў параўнанні з пачаткам 2018 года на 2,4 млрд рублёў, або на 5,7%. Пры гэтым знешні дзярждоўг на 1 кастрычніка склаў 16,5 млрд долараў ЗША, зменшыўшыся з пачатку года на 183 млн долараў, або на 1,1%.

Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас, адказваючы на пытанні дэпутатаў у Палаце прадстаўнікоў 31 кастрычніка, заявіў, што дзярждоўг з’яўляецца „адным з асноўных пытанняў для ўрада”.

„Вялікую трывогу выклікае рост нагрузкі на бюджэт у сувязі з абслугоўваннем дзяржаўнага доўгу. Калі па 2018 годзе расходы на абслугоўванне дзярждоўгу мы прагназуем у памеры 2,3 млрд рублёў, то у 2019 годзе гэта сума ўзрасце амаль да 3 млрд рублёў”, — паведаміў Румас.

Такім чынам, кожны сёмы рубель з выдаткаў бюджэту будзе накіраваны на абслугоўванне доўгу.

„Гэта тыя сродкі, якія дзяржава магла б накіраваць на павелічэнне заработнай платы бюджэтнікам альбо на павелічэнне пенсій”, — сказаў Румас.

Пастановай Савета міністраў № 774 ад 31 кастрычнiка зацверджана праграма дзейнасці ўрада Рэспублікі Беларусь на 2018—2020 гады.

Як паведамляла прэс-служба Саўміна, дакумент адпавядае прыярытэтам, мэтам і задачам праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016—2020 гады, зацверджанай указам прэзідэнта ад 15 снежня 2016 года № 466, а таксама ўключае задачы, пастаўленыя кіраўніком дзяржавы 24 красавіка 2018 года падчас паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу.

Рэалізацыя праграмы, адзначыла прэс-служба, „дазволіць забяспечыць якаснае завяршэнне гэтай пяцігодкі і стварэнне ўмоў для дынамічнага сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў 2021—2025 гадах і доўгатэрміновай перспектыве, створыць аснову для выканання стратэгічнай задачы кіраўніка дзяржавы па аб’ёме валавога ўнутранага прадукту да 2025 года не меншым за 100 млрд долараў ЗША, дазволіць павысіць узровень дабрабыту і жыцця грамадзян”.

Палата прадстаўнікоў ухваліла праграму дзейнасці ўрада да 2020 года 31 кастрычніка.

БелаПАН