Дзяржорганам могуць даць права закрываць магазіны тэрмінам да 90 дзён
У Беларусі дзяржорганам можа быць дадзенае права праводзіць пазапланавыя праверкі і закрываць аб’екты гандлю і грамадскага харчавання на тэрмін да 90 дзён. Гэта прадугледжанае праектам указа „Аб дадатковых мерах па навядзенні парадку на спажывецкім рынку”, з якім азнаёміўся БелаПАН.
Як гаворыцца ў дакуменце, „у мэтах узмацнення аховы спажывецкага рынку” Міністэрству антыманапольнага рэгулявання і гандлю, Міністэрству аховы здароўя, а таксама Дзяржаўнаму камітэту па стандартызацыі можа быць дадзенае права прызначаць „пазапланавыя праверкі ў дачыненні да юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў”.
МАРГ, згодна з праектам указа, можа прызначаць пазапланавыя праверкі „па пытаннях выканання антыманапольнага заканадаўства, заканадаўства аб цэнах і цэнаўтварэнні, заканадаўства ў галіне гандлю, грамадскага харчавання, абароны правоў спажыўцоў, заканадаўства аб рэкламе”.
Міністэрства аховы здароўя зможа прызначаць пазапланавыя праверкі „па пытаннях выканання заканадаўства ў галіне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва”.
Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі зможа прызначаць пазапланавыя праверкі па пытаннях сертыфікацыі.
Дзяржорганам будзе дадзенае права „спыняць працу гандлёвага аб’екта, аб’екта грамадскага харчавання на тэрмін да моманту ліквідацыі парушэнняў, але не больш за 90 дзён”. У прыватнасці МАРГ можа скарыстацца такім правам у выпадку ўстанаўлення паводле вынікаў праверкі „фактаў парушэння заканадаўства аб цэнах і цэнаўтварэнні”.
Як паведамлялася, з 1 красавіка па 30 чэрвеня ў Беларусі паводле рашэння ўрада ўсталяваны паўсюдны кантроль за цэнамі на спажывецкім рынку. Вытворцы, імпарцёры, аб’екты раздробнага гандлю і іншыя камерцыйныя арганізацыі могуць павышаць кошт тавараў і паслуг не больш як на 0,5%.
Прадстаўнікі бізнес-саюзаў лічаць, што ўвядзенне пазапланавых праверак аб’ектаў раздробнага гандлю з правам безумоўнага закрыцця гандлёвага аб’екта пацягне шэраг негатыўных наступстваў.
„Бізнес не супраць антыкрызісных мер і аператыўных захадаў па прафілактыцы і ліквідацыі парушэнняў. Напрыклад, калі ў аб’ектах раздробнага гандлю выяўляюцца нейкія парушэнні, трэба даць некалькі дзён на іх ліквідацыю, і праблема ў большасці выпадкаў будзе вырашаная. Аднак навошта адразу магазін закрываць, каму гэта выгадна?” — задаўся рытарычным пытаннем у каментары БелаПАН генеральны дырэктар Асацыяцыі кампаній інфармацыйных тэхналогій Дзмітрый Ананьеў.
На яго думку, прыпыненне працы аб’ектаў гандлю на тэрмін да 90 дзён — гэта выключная, апошняя мера, якая можа нашкодзіць як інтарэсам бізнесу, так і дзяржавы.
Гэтая мера, лічыць Ананьеў, павінна прымяняцца аб’ектыўна, па факце выяўлення менавіта грубых парушэнняў, якія пагражаюць жыццю і здароўю насельніцтва. Або ў тых выпадках, калі аб’ект гандлю не ліквідуе выяўленыя парушэнні.
Аднак у гэтым выпадку, згодна з праектам дзяржаўнага рашэння, уводзіцца неабмежаванае права за любое, нават дробнае парушэнне спыніць працу ўсяго магазіна, усіх аддзелаў імгненна, простым росчыркам пяра, канстатуе Ананьеў.
„Навошта ў гэты складаны час ствараць дадатковае напружанне для бізнесу? Чаму трэба ўводзіць меры, якія могуць стаць глебай для шматлікіх фактаў карупцыі? Мы ўсё гэта ўжо праходзілі раней і разумеем, што ад такіх жорсткіх мер могуць быць негатыўныя наступствы як для бізнесу, так і для дзяржавы”, — рэзюмаваў Ананьеў.
Фота news.uvaga.by