Дзяржсакратар Міністэрства эканомікі Германіі наведае Беларусь
Дэлегацыя на чале з дзяржсакратаром Міністэрства эканомікі і энергетыкі Германіі Ульрыхам Нусбаўмам 25–27 верасня наведае Беларусь. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз 20 верасня на брыфінгу ў Менску.
«Папярэдні візіт прадстаўніка кіраўніцтва Міністэрства эканомікі і энергетыкі Германіі адбыўся ў 2019 годзе», – адзначыў ён.
Паводле слоў Глаза, у склад дзелавой часткі дэлегацыі ўвойдуць топ-менеджары буйных нямецкіх кампаніяў, большасць з якіх ужо прысутнічаюць на беларускім рынку, у тым ліку «Сіменса», «Люфтганзы» і іншых.
Члены дэлегацыі правядуць сустрэчы з міністрамі эканомікі і фінансаў, намеснікам міністра замежных спраў, наведаюць шэраг прадпрыемстваў і беларуска-кітайскі індустрыяльны парк «Вялікі камень», прымуць удзел у дзясятым Дні эканомікі Германіі ў Беларусі.
«Прыезд у нашу краіну прадстаўнікоў германскай дэлегацыі сведчыць пра ўзмацненне ўзаемнай зацікаўленасці Беларусі і Германіі ў далейшым развіцці і пашырэнні двухбаковых гандлёва-эканамічных сувязяў і інвестыцыйнага супрацоўніцтва, у якога ёсць значны патэнцыял», – сказаў Глаз.
Фота: Міністэрства эканомікі і энергетыкі Германіі