Дзявяты раз з пачатку года павышаюцца цэны на бензін



На беларускіх аўтазаправачных станцыях 15 траўня — другі раз за апошнія тры дні — рознічныя цэны на дызельнае паліва і аўтамабільны бензін будуць павялічаныя на капейку, паведаміў дзяржаўны канцэрн „Белнафтахім”.

Кошт літра бензіну АІ-92-К5-Еўра складзе 1 рубель 29 капеек, АІ-95-К5-Еўра — 1,37 рубля, АІ-98-К5-Еўра — 1,58 рубля, ДТ — 1,37 рубля.

У 2018 годзе бензін падаражэў восем разоў: 8 лютага — на дзве капейкі, 10, 15, 24, 30 сакавіка, 4, 14 красавіка і 12 мая — на капейку. Дызпаліва даражэла сем разоў (у лютым—сакавіку і маі сінхронна з бензінам) і таннела — двойчы (14 і 27 красавіка — абодва разы на капейку).

У інтэрв’ю праграме „Тыдзень” тэлеканала СТВ, паказаным 13 траўня, старшыня „Белнафтахіма” Ігар Ляшэнка заявіў, што рэзкага скачка цаны на паліва не будзе. Пры гэтым на фоне росту сусветных цэн на нафту кошт паліва будзе павышацца. „Мы ідзем сінхронна з нашымі калегамі з Расейскай Федэрацыі. Сёння такая стратэгія”, — сказаў кіраўнік канцэрна.

Раней крыніца ў нафтахімічнай галіне паведаміла, што на працягу некалькіх месяцаў плануецца павысіць беларускія цэны на аўтамабільнае паліва да ўзроўню цэн на памежных запраўках у Расеі. Меркавалася, што гэты этап павышэння ўнутраных цэн на паліва будзе доўжыцца да мая.

Як адзначалі спецыялісты, рашэнне аб паэтапным павышэнні цэн на паліва абумоўленае стратнай дзейнасцю нафтаперапрацоўчых заводаў. У пачатку 2018 года страты ад рэалізацыі паліва на ўнутраным рынку прыкладна ў два разы перавышалі прыбытак ад экспарту.

У 2017 годзе цана паліва павялічвалася сем разоў, а да гэтага больш як два гады (пасля 13 студзеня 2015 года) не мянялася.

belapan.by