ЕАБР чакае эканамічнага спаду ў Беларусі і дэфіцыту бюджэту ў 2020 годзе
Сёлета Беларусі не ўдасца пазбегнуць эканамічнага спаду і верагодны дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту, гаворыцца ў штомесячным інфармацыйна-аналітычным аглядзе Еўразійскага банка развіцця, які апублікаваны 19 мая.
Эканамісты банка звярнулі ўвагу, што ў красавіку ў Беларусі адбылося рэкорднае падзенне зводнага індэкса эканамічных настрояў (які разлічваецца Нацбанкам), а таксама знізіліся наведванне гандлёвых цэнтраў і выручка арганізацый сферы паслуг. На думку аналітыкаў, гэта «сігналізуе аб узмацненні адмоўнага ўздзеяння эпідэміялагічнага становішча на дзелавую актыўнасць».
«Згодна з прагнозам ЕАБР, аслабленне ўнутранага і знешняга попыту, транспартна-лагістычныя цяжкасці і пагаршэнне настрояў бізнесу выразяцца ў скарачэнні ВУП Беларусі паводле вынікаў 2020 года», – мяркуюць эканамісты Еўразійскага банка.
Яны таксама чакаюць, што ва ўмовах пандэміі і эканамічнага спаду дзяржаўны бюджэт Беларусі сёлета будзе выкананы з дэфіцытам. «Прафіцыт рэспубліканскага бюджэту паводле вынікаў першага квартала 2020 года склаў 0,7% ВУП (0,2 млрд рублёў), што амаль у чатыры разы менш у параўнанні з адпаведным перыядам папярэдняга года (2,8% ВУП, або 0,8 млрд рублёў)», – канстатуюць аналітыкі ЕАБР.
Эканамісты адзначаюць, што скарачэнне прафіцыту тлумачыцца як падзеннем даходаў (на 1,4% ВУП), так і павелічэннем расходаў (на 0,7% ВУП).
«Зменшыліся паступленні ад знешнеэканамічнай дзейнасці (на 1,6% ВУП) з-за зніжэння фізічных аб’ёмаў і цэн паставак за мяжу нафты і нафтапрадуктаў, а таксама калійных угнаенняў. На фоне прагназаванага намі аслаблення эканамічнай актыўнасці і скарачэння экспарту ключавых тавараў чакаецца фармаванне рэспубліканскага бюджэту з дэфіцытам паводле вынікаў года», – мяркуюць аналітыкі ЕАБР.