ЕАБР чакае зніжэння ВУП Беларусі на 3,3% у 2020 годзе
У 2020 годзе беларуская эканоміка скароціцца на 3,3% у параўнанні з мінулым годам. Такі прагноз утрымліваецца ў абноўленым макраэканамічным аглядзе Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР).
Аналітыкі ЕАБР вылучаюць дзве асноўныя групы фактараў уплыву пандэміі COVID-19 на эканомікі краін Еўразійскага эканамічнага саюза.
„Першая група звязаная з ускладненнем знешнеэканамічнай кан’юнктуры, што выяўляецца ў аслабленні попыту на экспарт дзяржаў рэгіёна, скарачэнні даходаў ад паставак за мяжу сыравінных тавараў з-за падзення іх цэн, парушэнні глабальных ланцужкоў дабаўленай вартасці, змяншэнні аб’ёмаў грашовых пераводаў, пагаршэнні настрояў бізнесу, а таксама больш жорсткіх фінансавых умовах”, — адзначаюць аналітыкі.
Другая група фактараў уплыву „спалучаная з унутранымі абмежавальнымі мерамі, уведзенымі ў шэрагу дзяржаў рэгіёна для стрымлівання распаўсюджвання захворвання”.
Паводле ацэнак ЕАБР, страты эканомік у краінах ЕАЭС з улікам уплыву пералічаных фактараў могуць скласці ў сярэднім 3,5-4% ВУП. У прыватнасці ў Расеі банк прагназуе зніжэнне ВУП на 2,3% у 2020 годзе, у Казахстане — на 1%, Беларусі — на 3,3%, Арменіі — на 1,7%. У Кыргызстане і Таджыкістане прагназуецца істотнае запаволенне тэмпаў росту ВУП — да 0,1 і 5,5% адпаведна.
Аналітыкі чакаюць, што ў другой палове 2020 года ў пералічаных краінах пачнецца аднаўленне эканамічнай актыўнасці, аднак гавораць пра тое, што захоўваецца высокая няпэўнасць адносна эканамічных перспектыў краін рэгіёна.
„Макраэканамічны прагноз для дзяржаў рэгіёна крытычным чынам залежыць ад характару цячэння пандэміі каранавіруса. Захоўваецца верагоднасць паглыблення негатыўных тэндэнцый у сусветнай эканоміцы, што можа паслужыць трыгерам далейшага падзення цэн на ключавыя тавары экспарту”, — прагназуюць эканамісты ЕАБР.
На іх думку, эпідэмічная сітуацыя ў краінах ЕАЭС цяжка прадказальная, „што не дазваляе з поўнай упэўненасцю казаць пра хуткае зняцце каранцінных мер”. „У выпадку рэалізацыі названых рызык прагнозы ЕАБР па росце ВУП могуць быць перагледжаныя”, — гаворыцца ў паведамленні банка.
Варта адзначыць, што прагнозы па развіцці эканамічнай сітуацыі ў Беларусі ў бок пагаршэння ў красавіку перагледзелі і іншыя міжнародныя арганізацыі. Так, Сусветны банк цяпер чакае, што беларуская эканоміка ў 2020 годзе скароціцца на 4%, МВФ прагназуе падзенне на 6%.
Беларускія ўлады пакуль не пераглядалі афіцыйны эканамічны прагноз на гэты год. Яны таксама не пайшлі на ўвядзенне каранціну і надзвычайнага становішча, як іншыя краіны ЕАЭС. Згодна з афіцыйным прагнозам беларускіх уладаў, ВУП у 2020 годзе павінен вырасці на 2,8%. Паводле вынікаў першага квартала ён знізіўся на 0,3%.
belapan.by