ЕАБР: Інфляцыя ў Беларусі можа паскорыцца да 10% і больш



Еўразійскі банк развіцця лічыць высокімі рызыкі паскарэння інфляцыі ў Беларусі па выніках верасня да 10% і больш. У ліпені-жніўні гадавая інфляцыя ўтрымлівалася на ўзроўні 9,8%.

Аналітыкі ЕАБР звяртаюць увагу на высокі ўзровень інфляцыйных чаканняў насельніцтва. Па даных апытання Нацбанка, чаканая інфляцыя склала ў верасні 13,3%, знізіўшыся ў параўнанні з чэрвенем, калі яна дасягала 14,7%. У банку называюць высокія інфляцыйныя чаканні ключавым фактарам паскарэння росту індэкса спажывецкіх цэн.

«Аналітыкі ЕАБР лічаць, што з улікам зніжэння ўраджаю збожжа верагоднасць перавышэння інфляцыяй 10% у верасні з’яўляецца высокай. Пры рэалізацыі такога сцэнару нельга выключаць павышэння стаўкі рэфінансавання ў бягучым годзе», — гаворыцца ў штотыднёвым аглядзе эканомік краін аперацый ЕАБР.

Трэба адзначыць, што на мінулым тыдні аператары сувязі па ўзгадненні з рэгулятарам перанеслі на месяц планавае павышэнне тарыфаў на свае паслугі. Яны павінны былі вырасці з 1 кастрычніка, але цяпер павышэнне пройдзе 1 лістапада.

reform.by