ЕАБР прагназуе рост ВУП у Беларусі у 2018 годзе на 3,8%, інфляцыю — у 5,1%



Да канца года магчымае некаторае паскарэнне інфляцыйных працэсаў, а рост ВУП у Беларусі будзе паступова запавольвацца. Такі прагноз прыводзіцца ў штомесячным макраэканамічным аглядзе, які рыхтуе Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР).

Расійскія эканамісты нагадваюць, што паводле вынікаў першага паўгоддзя гадавая інфляцыя запаволілася да 4,1% на фоне сезоннага зніжэння цэн на плодаагароднінную прадукцыю.

„Да канца гэтага года прагназуецца павелічэнне інфляцыі да 5,1%”, — заяўляюць аналітыкі ЕАБР.

На іх думку, паскарэнню цэн будзе спрыяць высокая спажывецкая актыўнасць, што назіраецца ў Беларусі (рознічны тавараабарот за студзень—ліпень вырас на 9,6%).

„Да праінфляцыйных фактараў дададуцца таксама рост плодаагародніннай інфляцыі з-за спынення дзеяння эфекту высокай базы папярэдняга года, паступовае павелічэнне інфляцыі ў Расіі і назіраны ў пачатку другога паўгоддзя рост валатыльнасці на валютных рынках”, — прагназуюць аналітыкі ЕАБР.

Яны таксама чакаюць, што рост ВУП Беларусі, які ў студзені—ліпені склаў 4,4%, будзе паступова запавольвацца да канца года.

„Паводле вынікаў 2018 года прырост ВУП складзе 3,8%, што з’яўляецца максімальным значэннем з 2011 года. Падтрыманню высокіх тэмпаў росту будзе спрыяць захаванне высокай спажывецкай актыўнасці на фоне павелічэння грашовых даходаў насельніцтва і пашырэння крэдытавання”, — гаворыцца ў аглядзе.

Разам з тым расійскія эксперты адзначаюць, што ў сярэднетэрміновай перспектыве тэмпы росту беларускай эканомікі „будуць імкнуцца да свайго патэнцыйнага ўзроўню”, які яны ацэньваюць у 2%.

„Па меры рэалізацыі структурных пераўтварэнняў у эканоміцы патэнцыйныя тэмпы росту могуць быць перагледжаныя ў бок павышэння”, — удакладняюць аналітыкі ЕАБР.

belapan.by