ЕАБР выдзеліць больш за 100 млн еўра прадпрыемству „Мінскэнерга”



Еўразійскі банк развіцця мае намер выдзеліць „Мінскэнерга” больш за 100 млн еўра, гаворыцца ў паведамленні прэс-службы ЕАБР.

„Да канца года банкам плануецца заключэнне крэдытнага пагаднення з „Мінскэнерга”на суму больш за 100 млн еўра. Пасля гэтага цяперашні інвестыцыйны партфель ЕАБР у Беларусі перавысіць 1 млрд даляраў ЗША”, — паведамляе ЕАБР.

Банк мае намер працягнуць крэдытаванне беларускіх прадпрыемстваў „не толькі ў традыцыйных для ЕАБР сектарах эканомікі, такіх як энергетыка, машынабудаванне, металургія, здабыча прыродных выкапняў, фінансавы (банкаўскі) сектар, але і актыўна далучаць новыя галіны, найперш IT-сектар”.

На 1 снежня 2020 года доля Беларусі ў цяперашнім інвестыцыйным партфелі ЕАБР складала 988,9 млн даляраў ЗША.

„За два гады яна павялічылася з 9,2% у снежні 2018 года да 25,3% у снежні гэтага года, гэта значыць у 2,75 разу. У перыяд пандэміі ЕАБР аказваў падтрымку беларускім кліентам”, — падкрэсліваецца ў паведамленні банка.

У прыватнасці, для Беларускага металургічнага завода ЕАБР адмяніў павышаныя працэнты за парушэнне ўстаноўленых фінансавых кавенант і зроблены канікулы па іх да канца гэтага года.

„Разглядаецца падаўжэнне гэтых умоў на 2021 год. Банкам прапанаваныя пакеты антыкрызісных мер па пераадоленні негатыўных наступстваў пандэміі для ААТ „Беларуськалій „і ААТ „БелАЗ”, — паведамляе ЕАБР.

Акрамя таго, для „Віцебскэнерга” зніжана працэнтная стаўка, а „Мінскэнерга” выдадзены брыдж-крэдыт для авансавання паставак абсталявання па новым інвестыцыйным праекце (40,5 млн еўра).

„Далей гэтая праца будзе працягнутая ў рамках Праграмы па аказанні контрцыклічнай падтрымкі эканомікам дзяржаў-удзельніц (банка) ва ўмовах негатыўнага ўплыву знешніх і ўнутраных шокаў”, — паведамляе ЕАБР.

9 снежня падчас перамоў з кіраўніцтвам ЕАБР першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў запытаў у банка дадатковае фінансаванне для Беларусі.

„Для нас ЕАБР цяпер вельмі важны інстытут з улікам таго, што прапрацоўваюцца чарговыя санкцыйныя спісы, з улікам таго, што ёсць праблемы з фандаваннем знешняга фінансавання, асабліва заходніх банкаў. Мы, вядома, вельмі разлічваем на вашу дапамогу”, — сказаў Снапкоў.

БелаПАН