ЕАБР: Заходнія санкцыі не аказваюць значнага ўздзеяння на беларускую прамысловасць



Дынаміка беларускай прамысловасці паказвае на тое, што абмежаванні шэрагу заходніх краін пакуль не аказваюць значнага ўздзеяння на вытворчасць, гаворыцца ў штотыднёвым аглядзе Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР), пішуць Naviny.

Аналітыкі адзначаюць, што рост прамысловай вытворчасці захоўваецца – гадавы паказчык 2,3% у верасні пасля 3,7 і 2,7% у жніўні і ліпені адпаведна.

Як адзначана ў кастрычніцкім аглядзе ЕАБР, „эканамічны настрой прадпрыемстваў прамысловасці ў верасні палепшыўся». «Індэкс эканамічных настрояў у галіне, які разлічваецца Нацыянальным банкам, павялічыўся на 1,9 п.п. і склаў 5,3%. Па нашых разліках на аснове дадзеных Нацбанка, у верасні некалькі палепшыліся скарэктаваныя на сезоннасць балансы прадпрыемстваў адносна бягучых і чаканых аб’ёмаў вытворчасці, а таксама аб’ёму заказаў. У сваю чаргу, эканамічныя настроі ў гандлі, будаўніцтве і на транспарце застаюцца стрыманымі. У базавым сцэнары мы чакаем рост ВУП па выніках 2021 года на 2,5%», – заўважаюць эксперты.

У 2022 годзе ЕАБР прагназуе павелічэнне ВУП Беларусі на 0,4%. У ліпеньскім рэлізе банк ацэньваў дынаміку айчыннай эканомікі ў наступным годзе блізкай да нуля.