ЕБРР інвестуе 15 млн еўра на лесапільны завод у Мазыры



Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця інвестуе 15 млн еўра ў стварэнне лесапільнага завода ў Мазыры (Гомельская вобласць), паведаміла прэс-служба прадстаўніцтва банка ў Беларусі.

«Для павышэння канкурэнтаздольнасці беларускай дрэваапрацоўчай прамысловасці пры падтрымцы ЕБРР будзе пабудаваны лесапільны завод на поўдні Беларусі», – гаворыцца ў паведамленні. Удакладняецца, што новае прыватнае прадпрыемства будзе створанае на базе існага аб’екта недалёка ад Мазыра.

Крэдыт ЕБРР выдасць на сем гадоў. За кошт гэтых сродкаў будзе прафінансаванае будаўніцтва прадпрыемства, якое штогод плануе выпускаць прыблізна 250 тыс. куб. метраў піламатэрыялаў з дрэва іглічных парод. Прадукцыя завода будзе экспартавацца на існыя і новыя рынкі.

Новы лесапільны завод, які належыць эстонскай кампаніі Kaamos Timber (KT) AS, дазволіць стварыць у Мазыры прыблізна 100 новых працоўных месцаў і павялічыць амаль удвая гадавую прадукцыйнасць КТ у Беларусі – да 450 тыс. куб. метраў піламатэрыялаў іглічных парод, паведамляе прэс-служба. ЕБРР супрацоўнічае з КТ ужо больш за два дзесяцігоддзі і паспяхова рэалізаваў аналагічны сумесны праект на поўначы Беларусі, у Віцебску.

З моманту пачатку сваёй працы ў Беларусі ў 1992 годзе ЕБРР інвеставаў амаль 2,7 млрд еўра ў 119 праектаў у розных сектарах эканомікі краіны.

БелаПАН