ЕБРР мае намер павялічваць інвестыцыі ў беларускую эканоміку
Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) разлічвае на рост сваіх інвестыцый у беларускую эканоміку ў найбліжэйшыя гады, заявіў вядучы банкір прадстаўніцтва ЕБРР у Беларусі Юрый Серыкаў 20 чэрвеня ў Менску на арганізаваным банкам „Мэблевым форуме”.
„Дзевяноста працэнтаў нашай працы ў Беларусі звязана менавіта з падтрымкай прыватнага сектара. За гады працы ў краіне (з 1992 года. — БелаПАН.) мы інвеставалі ўжо прыблізна 2 млрд еўра і разлічваем, што яшчэ 1 млрд зробім значна хутчэй, чым у папярэднія гады”, — адзначыў Серыкаў.
Паводле яго слоў, у 2017 годзе ЕБРР рэалізаваў у краіне 14 праектаў на 163 млн еўра. Пік інвестыцый банка прыпаў на 2011—2014 гады, што звязана з укладаннем сродкаў у мадэрнізацыю дрэваапрацоўчай галіны, затым быў спад інвеставання. Аднак з 2016 года зноў назіраецца рост.
„Асноўнай нашай мэтай у Беларусі з’яўляецца падтрымка рынкавай эканомікі. Аднак мы выступаем за агульнае паляпшэнне якасці жыцця насельніцтва, таму актыўна падтрымліваем муніцыпальныя праекты. У прыватнасці ў Беларусі мы падтрымліваем водны сектар, дапамагаем будаваць дарогі і праводзіць каналізацыю”, — растлумачыў Серыкаў.
Многія праекты банка звязаныя з рэсурса- і энергазберажэннем. „Ва ўсіх нашых праектах абавязкова павінен быць „зялёны” кампанент. І наша мэта — да 2020 года прыкладна 40% праектаў, куды мы будзем укладваць сродкі, павінны быць звязаныя з зялёнай эканомікай”, — дадаў ён.
Як нагадаў Серыкаў, краінавай стратэгіяй ЕБРР да 2020 года ў якасці мэтавай вызначаная падтрымка прыватнага сектара і інфраструктурных праектаў. „За гады працы ў Беларусі ў нас сфармавалася яшчэ адна мэта, якую мы не апісалі. Мы даем кансультацыйныя паслугі і арганізуем праекты з банкамі-партнёрамі, бо наш мандат прадугледжвае як падтрымку эканомікі наўпрост, так і праз банкаўскі сектар”, — удакладніў вядучы банкір.
Паводле яго слоў, ЕБРР гатовы да ўваходжання на абумоўлены тэрмін у капітал беларускіх кампаній з гадавым абаротам не менш як 10 млн долараў. Прапануецца таксама крэдытаванне для інвестпраектаў з нуля і дзейнага бізнесу. У 2018 годзе ўпершыню ЕБРР атрымаў магчымасць выдзялення крэдытаў у беларускіх рублях, заключыў Серыкаў.
Як паведамлялася, 4—8 чэрвеня Беларусь наведаў віцэ-прэзідэнт ЕБРР Алан Пію. „Мы нарошчваем нашы намаганні ў Беларусі. Не магу сказаць, якога аб’ёму дзейнасці ЕБРР да канца года мы даможамся, але я ўпэўнены, што сёлета гэтая сума будзе большай, чым у мінулым”, — сказаў Пію на брыфінгу.
belapan.by