ЕБРР падвоіў інвестыцыі ў Беларусь



У першай палове 2020 года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года аб`ём інвестыцый Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця ў Беларусь павялічыўся больш як удвая, гаворыцца ў паведамленні ЕБРР.

За першыя шэсць месяцаў гэтага года інвестыцыі ЕБРР у Беларусь дасягнулі 160 млн еўра ў параўнанні з 67 млн еўра за аналагічны перыяд мінулага года, „што дэманструе аператыўную рэакцыю банка на патрэбы эканомік, якія развіваюцца, пры пераадоленні наступстваў каранавіруса”, адзначаюць у ЕБРР.

Банк паведамляе, што да 2025 года плануе стаць банкам з пераважна „зялёнымі” актывамі і ў гэтым кантэксце рэалізуе некаторыя экалагічныя праекты і ў Беларусі.

„На Слонімскім водаканале ў Беларусі ўведзеныя ў эксплуатацыю дзве біягазавыя ўстаноўкі, што спрыяе значнай эканоміі энергіі і скарачэнню выкідаў СО2”, — падкрэсліваецца ў паведамленні ЕБРР.

Акрамя гэтага, банк звяртае ўвагу на тое, што ў мэтах падтрымкі мікра-, малых і сярэдніх прадпрыемстваў Беларусі, якія пацярпелі ад ўспышкі каранавіруса, ЕБРР даў крэдыты Беларускаму народнаму банку („БНБ-Банк”) і Мінскаму транзітнаму банку („МТБанк”).

„Крэдытаванне ў нацыянальнай валюце абмяжоўвае рызыкі, звязаныя са зменай валютных курсаў для пазычальнікаў”, — гаворыцца ў паведамленні ЕБРР.

Банк таксама нагадвае, што ў першай палове года ЕБРР даў двум беларускім прадпрыемствам, якія ўваходзяць у міжнародную групу кампаній „Садружнасць”, крэдыт у 130 млн долараў ЗША.

З пачатку сваёй дзейнасці ў Беларусі ў 1992 годзе ЕБРР інвеставаў амаль 2,9 млрд еўра ў 134 праекты, рэалізаваныя ў розных сектарах эканомікі краіны. У 2019 годзе ЕБРР усталяваў новы рэкорд сваёй дзейнасці ў краіне, уклаўшы больш за 390 млн еўра ў 24 праекты ў прыватным і дзяржаўным сектарах.

Беларускія ўлады вясной гэтага года выказалі жаданне прыцягнуць у ЕБРР да мільярда долараў для фінансавай падтрымкі прадпрыемстваў ва ўмовах пандэміі.

belapan.by